Logo Polskiego Radia
Print

Польскія суды апынуцца па-за эўрапейскай судовай сыстэмай?

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 17.08.2018 15:26
Эўрапейская ENCJ тлумачыць, што польская KRS не адпавядае крытэрам для таго, каб быць чальцом арганізацыі.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Праўленьне Эўрапейскай асацыяцыі рад юрыспрудэнцыі (ENCJ) імкнецца прыпыніць у правах чальца польскую Краёвую раду юрыспрудэнцыі (KRS).

Управа ENCJ паведаміла KRS аб скліканьні па гэтай справе пазачарговага паседжаньня Агульнага сходу, які адбудзецца 17 верасьня ў Бухарэсьце.

Эўрапейская асацыяцыя ENCJ тлумачыць, што польская Краёвая рада юрыспрудэнцыі не адпавядае крытэрам для таго, каб быць чальцом арганізацыі. Гэтыя крытэры патрабуюць незалежнасьці «ад выканаўчай і заканадаўчай улады.» ENCJ падкрэсьлівае, што цяпер польская KRS не гарантуе незалежнасьці польскіх судоў.

У заяве Эўрапейская асацыяцыя нагадвае, што яшчэ 1 чэрвеня ў Лісабоне паведаміла аб намерах прыняць гэтае рашэньне, а дэлегацыя арганізацыі прыбыла ў Варшаву й пазнаёмілася з пазыцыяй Краёвай рады юрыспрудэнцыі.

«Беручы пад увагу адказ KRS, а таксама ўсе іншыя важныя для справы матэрыялы (напрыклад, пазыцыі Асацыяцыі польскіх судзьдзяў), эўрапейскія судзьдзі лічаць, што KRS не адказвае патрабаваньням сяброўства ў ENCJ» – гаворыцца ў паведамленьні.

Старшыня Краёвай Рады юрыспрудэнцыі Лешэк Мазур у заяве, зьмешчанай на сайце KRS піша, што Эўрапейская асацыяцыя заўчасна вырашыла прымаць радыкальныя рашэньні, тым больш, што KRS у новым складзе працуе толькі 4 месяцы.
Мазур зазначае, што сяброўства ў ENCJ мае прэстыжны характар, а арганізацыя зьяўляецца дадатковым форумам для міжнароднага супрацоўніцтва. «Аднак удзел у працы ENCJ ня мае непасрэднага значэньня для дзейнасьці KRS і не ўплывае на штодзённую працу судоў», – напісаў старшыня Краёвай Рады юрыспрудэнцыі. У заяве Лешэк Мазур зазначыў таксама, што «магчымае прыпыненьне Польшчы ў правах чальца Эўрапейскай асацыяцыі рад юрыспрудэнцыі, а нават пазбаўленьне сяброўства ў гэтай арганізацыі, не пашкодзіць польскай юрысдыкцыі.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт