Logo Polskiego Radia
Print

Як Дзень незалежнасьці Польшчы падзяліў палякаў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 08.11.2018 16:11
  • марш.mp3
Ініцыятыву перахапіў урад краіны, які арганізоўвае Бела-чырвоны марш.
Мэр Варшавы Ганна Гранкевіч-ВальцМэр Варшавы Ганна Гранкевіч-ВальцPAP/Piotr Nowak

11 лістапада Польшча адзначае Дзень незалежнасьці – 100-годзьдзе ўзнаўленьня дзяржаўнасьці. Здавалася б, гэтае сьвята павінна аб'ядноўваць людзей, але аказалася, што гэта не да канца так. Яно падзяліла палякаў, а прычынай падзелу, як гэта часта бывае, стала палітыка.

Штогод 11 лістапада ў Варшаве праходзіў Марш незалежнасьці. Яго арганізоўвалі крайне правыя асяродзьдзі Польшчы. Удзел у мерапрыемстве прымалі дзясяткі тысяч чалавек, бывала, што больш за 100 тыс. Нярэдка здаралася, што на маршы былі бачныя лёзунгі й чутны воклічы фашысцкага характару. Больш за тое, удзел у мерапрыемстве прымалі арганізацыі, у аснове якіх знаходзіцца крайне нацыяналістычная ідэалёгія. Здаралася таксама, што ў папярэднія гады марш заканчваўся масавымі беспарадкамі. Дарэчы, каб пачаўся канфлікт, хапала невялікай іскры, бо на трасе маніфэстацыі стаялі пікеты антыфашыстаў і прадстаўнікоў левых сіл. А вядома, што паміж правымі й левымі сіламі, мякка кажучы, сымпатыі не існуе.

Дык вось, Марш незалежнасьці меў прайсьці ў Варшаве таксама й 11 лістапада, у бліжэйшую нядзелю. Але яго забараніла мэр Варшавы Ганна Гранкевіч-Вальц. Кіраўнік польскай сталіцы абгрунтавала сваю забарону тым, што «Варшава ўжо ня раз пацярпела ад агрэсіўнага нацыяналізму». Акрамя таго, мэр выказала сумнеў, што паліцыя адпаведным чынам будзе ахоўваць мерапрыемства. Справа ў тым, што ў Польшчы працягваецца пратэстацыйная акцыя паліцэйскіх, у рамках якой яны масава ідуць на бальнічныя.

Але забарона маршу тут жа атрымала палітычны фон. Ганна Гранкевіч-Вальц – член апазыцыйнай права-цэнтрысцкай партыі «Грамадзянская плятформа», а яе асноўным сапернікам зьяўляецца кіруючая кансэрватыўна-каталіцкая партыя «Права й справядлівасьць». Не сакрэт, што ў прадстаўнікоў кожнай з гэтых партый кардынальна розныя погляды на амаль што ўсе справы й пытаньні, у тым ліку й адносна забароны маршу. Дэпутат кіруючай партыі Ян Масіньскі лічыць, што мэр Варшавы прыняла неадпаведнае рашэньне.

Я.Масіньскі: Калі б марш адбыўся й на ім прысутнічала некалькі ці некалькі дзясяткаў неадказных варʼятаў з транспарантамі пра чысьціню белай расы, якія б выкрыквалі нэанацысцкія альбо антысэміцкія лёзунгі, то такіх людзей паліцыя хутка магла б вылавіць з натоўпу. Цяпер жа задача паліцыі будзе намнога больш цяжкай, бо ёй прыйдзецца заняцца нелегальным шэсьцем.

І тут варта нагадаць, што арганізатары Маршу незалежнасьці, які забараніла Ганна Гранкевіч-Вальц, адразу ж пасьля выступленьня заявілі, што ён і так адбудзецца, нягледзячы на рашэньне кіраўніцтва сталіцы. І ў гэтым выпадку задачы паліцыі сапраўды ўскладняцца.

А вось палітыкі «Грамадзянскай плятформы» падтрымліваюць рашэньне сталічнага гораданачальніка. Дэпутатка партыі Габрыеля Ленартовіч сказала на Польскім радыё, што яна асабіста не зьяўляецца прыхільніцай такога роду адміністрацыйных крокаў, аднак Ганна Гранкевіч-Вальц мела поўнае права забараніць шэсьце.

Г.Ленартовіч: Рашэньне наконт забароны не выходзіць па-за рамкі закону й кампэтэнцый мэра Варшавы. Калі арганізатары лічаць, што рашэньне неабгрунтаванае, то яго можна абскардзіць у судовым тэрміновым парадку.

Пастанову Ганны Гранкевіч-Вальц скрытыкавалі ня толькі правыя сілы, але й некаторыя прадстаўнікі левага боку палітычнай сцэны, напрыклад, вядомая палітычная й грамадзкая дзяячка Барбара Навацка. «Я – антыфашыстка й вораг нацыяналізму, але адначасова – прыхільніца дэмакратыі й свабоды слова. Калі мы хочам змагацца з расізмам і нянавісьцю ў грамадзкай прасторы, то гэта трэба рабіць не праз забарону, а праз адукаваньне й тлумачэньне», – напісала Навацка. Адразу ж таксама зьявіліся пытаньні наконт таго, ці ў дэмакратычнай дзяржаве забарона шэсьця – гэта адпаведнае рашэньне.

Калі стала вядома, што мэр Варшавы забараніла Марш незалежнасьці, урад Польшчы паведаміў, што пад патранатам прэмʼера па вуліцах сталіцы пройдзе Бела-чырвонае шэсьце. Нагадаем, белы й чырвоны – гэта колеры сьцяга Польшчы. У ім прыме ўдзел прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, кіраўнік ураду Матэвуш Маравецкі, старшыні Сэйму й Сэнату, высокапастаўленыя чыноўнікі. Адначасова запрашэньне прыняць удзел у шэсьці атрымалі жыхары Варшавы й Польшчы, каб у сымбалічным мерапрыемстве і ў сымбалічны момант – 100-годзьдзе незалежнасьці – прадэманстраваць адзінства народу.

Валеры Саўко

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт