Logo Polskiego Radia
Print

Кнігі зь Вільні расказваюць пра Беларусь

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 01.03.2019 12:58
  • 0302 ХХ Віленскі кніжны кірмаш.mp3
На ХХ Віленскім кніжным кірмашы экспанаваліся выданьні пра літоўска-беларуска-польскую гісторыю.
Праекты дзяржаўнага сьцяга Літвы, створаныя мастаком Мсьціславам Дабужынскім у 1930-я гг. З альбома «Mstislavo Dobužinskio heraldika: ne tik mokslas, bet ir menas»Праекты дзяржаўнага сьцяга Літвы, створаныя мастаком Мсьціславам Дабужынскім у 1930-я гг. З альбома «Mstislavo Dobužinskio heraldika: ne tik mokslas, bet ir menas»Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

21-24 лютага ў сталіцы Літвы праходзіў ХХ Віленскі кніжны кірмаш. І, як заўсёды, сярод навінак было вельмі шмат кніг пра літоўска-польскія, літоўска-беларускія старонкі гісторыі і культуры горада. Літаральна на кожным стэндзе, дзе была прадстаўлена літаратура па гісторыі, мастацтве, мовазнаўстве, можна было знайсьці такія выданьні.

Вільня зьяўлялася сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, злучанага спачатку Ягайлам, а потым падчас Люблінскай уніі 1569 года з Польскім каралеўствам ў адну дзяржаву — Рэч Паспалітую.

У 20-30-я гады ХХ стагодзьдзя старажытная сталіца Літвы знаходзілася ў складзе польскай дзяржавы. У апошнія стагодзьдзі горад быў значным польскім і беларускім культурным цэнтрам.

Увогуле, у гарадзкой прасторы Вільні вельмі цяжка правесьці выразныя межы паміж літоўскай, беларускай, польскай культурамі. Сёньняшнія нацыянальныя лініі падзелу не супадаюць са старажытнымі.

«Усе
«Усе мы людзі» — адзін з дэвізаў ХХ Віленскага кніжнага кірмашу. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Лепш за ўсё дэманструюць супольную спадчыну Вільні розных народаў кнігі Томаса Вянцлавы. Ён вядомы і ў Літве — на бацькаўшчыне, і ў Польшчы, і ў Беларусі. Для адных ён — філёзаф, для другіх — сын пісьменьніка, народнага камісара асьветы Літоўскай ССР Антанаса Вянцлавы, які ў 1940 годзе езьдзіў у Маскву прасіць далучыць Літву да СССР, для трэціх — дысыдэнт і антысаветчык, сябар Іосіфа Бродскага і Чэслава Мілаша. Але тыя, хто прыяжджае ў Вільню, адкрываюць для сябе імя Томаса Вянцлавы як аўтара найлепшага турыстычнага даведніка па горадзе і пакуль адзінай энцыкляпэдыі пра выдатных вільнян «Vilniaus vardai» («Імёны Вільні»), што выйшлі ўжо і па-літоўску, і па-польску ў выдавецтве «R. Paknio leidykla». Томас Вянцлава — краязнавец вышэйшай пробы. Дарэчы, на днях плянуецца яго прыезд у Менск.

Кажучы пра ўзаемадзеньне розных традыцый у Вільні, варта адзначыць, што, напрыклад, Бібліятэка АН Літвы носіць імя Ўрублеўскіх — вядомых віленскіх мэцэнатаў пачатку ХХ стагодзьдзя, дзеячаў польскай культуры, якія зьбіралі кнігі і перадалі іх у дар роднаму гораду. Менавіта ў гэтай бібліятэцы захоўваецца ў асобным Беларускім фондзе № 21 кнігазбор былога Віленскага беларускага музэя імя Івана Луцкевіча.

Інга Бярулене, прадстаўнік бібліятэкі, прадставіла цікавае выданьне, прысьвечанае ўраджэнцу беларускага горада Полацка Францыску Скарыну, які пачаў кнігадрукаваньне ў Вільні ў 1525 годзе.

Банк Літвы выпусьціў памятную сярэбраную манэту, прысьвечаную беларусу Скарыну, і яе можна было набыць на кніжным кірмашы за 67 эўра.

Цікавы зборнік дакумэнтаў выдаў каўнаскі Ўнівэрсытэт Вітаўта Вялікага — пра адносіны вялікіх княстваў літоўскага і маскоўскага ў XV-XVI стагодзьдзях — якраз у часы Скарыны, у тым ліку пра войны Літвы і Масквы за землі цяперашняй Беларусі.

Раса Аўгуціце з Асацыяцыі музэяў Літвы расказала пра кнігу, выдадзеную музэем Aušra ў горадзе Шаўляй пра паўстаньне 1863 года, падзеі якога цікавяць і літоўцаў, і палякаў, і беларусаў.

Тэм для польскага-літоўска-беларускага гістарычнага дыялёгу мноства.

Дасьледчыца Ліна Ляпарскене і фатограф Арунас Бальценас стварылі альбом «Vietiniai» («Тутэйшыя») з фотаздымкамі ваколіц Трок і інтэрвію мясцовых жыхароў — літоўцаў, палякаў, беларусаў, расейцаў, караімаў, татар.

Сярод апошніх выданьняў, якія былі заўважаны на кніжным кірмашы, варта адзначыць дзьве кнігі пра Віленскую школу маляваньня, адным з вучняў якой быў беларус Язэп Драздовіч, — альбом «Academie de Vilna: Vilniaus piešimo mokykla, 1866-1915» і дасьледаваньне на гэту ж тэму. Абедзьве кнігі ўклала Яланта Шыркайце.

Вокладка
Вокладка кнігі Альге Андруліце «Ferdynandas Ruszczyczas: Civis vilnensis sum». Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Альге Андруліце напісала кнігу пра ўраджэнца Багданава сучаснага Валожынскага раёна Беларусі мастака Фэрдынанда Рушчыца — «Ferdynandas Ruszczyczas: Civis vilnensis sum». Гэта прыгожае, зьмястоўнае, багата ілюстраванае выданьне з навуковым апаратам. Біяграфія Рушчыца — творчая і асабістая: ад Лібавы, Менска і Санкт-Пецярбурга праз Багданава да Варшавы, Кракава і Вільні. З 464 старонак кнігі 270 займае дасьледаваньне пра Рушчыца, а рэшту складаюць яго артыкулы і прамовы. Бадай нічога лепшага і большага пра Фэрдынанда Рушчыца дагэтуль не напісана.

У альбоме «Mstislavo Dobužinskio heraldika: ne tik mokslas, bet ir menas» («Геральдыка Мсьціслава Дабужынскага: ня толькі навука, але і мастацтва»), выдадзеным Нацыянальнай бібліятэкай Літвы, чытачы знойдуць праекты герба і сьцяга Літвы, якія прапаноўваў у 1930-х — 1940-м гадах мастак Мсьціслаў Дабужынскі. Напрыклад, адным з варыянтаў сьцяга Літвы быў бела-чырвона-белы.

Калі вы зьберацеся ў Вільню, то гэтыя кнігі знойдзеце ў кнігарнях горада.

Стэнд
Стэнд Рэспублікі Беларусь на ХХ Віленскім кніжным кірмашы. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Дарэчы, экспанаваліся на ХХ Віленскім кніжным кірмашы і кнігі беларускіх выдавецтваў — на стэндзе пасольства Беларусі ў Літве і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. На ім была прадстаўлена гістарычная літаратура, альбомы па мастацтве, кнігі для дзяцей, навучальныя дапаможнікі па беларускай і расейскай мовах.

Віктар Корбут

Слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт