Logo Polskiego Radia
Print

Як па-беларуску @: сабака, сьлімак, малпа ці вуха?

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 04.04.2019 10:03
  • 0404 Варшаўскі мост. Анна Сівірская.mp3
Анна Сівірская дасьледуе, якімі варыянтамі беларускай мовы карыстаюцца ў інтэрнэце.
Фота: pixabay.com

Міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Польска-беларускія літаратурныя і моўныя сувязі» адбылася 29-30 сакавіка на катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта.

Сярод выступленьняў вылучаўся даклад супрацоўніцы катэдры беларусістыкі ВУ Анны Сівірскай пра варыянты беларускай мовы, якія функцыянуюць у інтэрнэце.

Анна Сівірская: Летам 2017 года я правяла анкетаваньне ў інтэрнэце сярод 500 беларусаў, запытаўшы, якой артаграфічнай сыстэмай яны карыстаюцца. З апытаных 331 чалавек запоўніў анкету па-беларуску. Большасьць зь іх адказалі, што выкарыстоўваюць у электронных сродках камунікацыі наркамаўку. Тарашкевіцай карыстаецца адна трэць апытаных, адпаведна, тарашкевіца выкарыстоўваецца значна радзей, чым наркамаўка.

Затым я пацікавілася ў карыстальнікаў інтэрнэта, якім лексычным адзінкам яны аддаюць перавагу. Напрыклад, я спытала, як называецца па-беларуску сымбаль @, які па-польску называецца małpa. Я атрымала наступныя адказы. Некаторыя называюць гэты сымбаль at, што зьяўляецца інтэрнацыянальным тэрмінам, запазычаным з ангельскай мовы. Іншыя карыстаюцца тэрмінам “сабака”, які можна расцаніць як арыентацыю на наркамаўку, а таксама на ўсход, Расею. Тэрміну “малпа” аддаюць перавагу, трэба меркаваць, тыя, хто арыентуецца на “заходнюю” лексыку і ўвядзеньне пэўных інавацый у беларускую мову. І яшчэ адзін варыянт — гэта тэрміны “сьлімак / слімак”, або “смоўж”, якія я ацаніла б як праяву пурыстычнай тэндэнцыі. Некаторыя карыстальнікі інтэрнэта ў анкетах указвалі, што карыстаюцца некалькімі з вышэйпрыведзеных тэрмінаў.

У выніку, відаць, што большасьць адказаў складае “сабака”. У той жа час тэрміны “сьлімак / слімак”, “смоўж”, “малпа” могуць сьведчыць аб прысутнасьці пурыстычнай тэндэнцыі сярод носьбітаў беларускай мовы. Аднак гэта колькасьць “пурыстаў” не супадае ані з колькасьцю прыхільнікаў тарашкевіцы, ані з колькасьцю прыхільнікаў наркамаўкі, як правапіснай сыстэмы.

Такім чынам, нельга сьцьвярджаць, што толькі тарашкевіца зьяўляецца пурыстычнай сыстэмай. Маё анкетаваньне паказвае, што частка рэспандэнтаў, якія паведамілі, што карыстаюцца наркамаўкай, маюць схільнасьць да пурызму.

Анна
Анна Сівірская. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Пурызм — гэта тэрмін, які паходзіць ад лацінскага слова purus, што значыць «чысты». Пурызмам называецца перабольшанае імкненьне да чысьціні літаратурнай мовы, да выгнаньня зь яе ўсякіх староньніх элемэнтаў.

Дарэчы, сярод адпаведнікаў тэрміна “сабака” Анна Сівірская назвала таксама іншыя словы, у т. л. “вуха”.

Такім чынам, беларускамоўныя карыстальнікі інтэрнэта інстынктыўна адчуваюць патрэбу адрозьнівацца ад расейскамоўных, а таксама, магчыма, ангельска-, польскамоўных “юзэраў”, ствараюць арыгінальную тэрміналёгію.

Яшчэ адно цікавае дасьледаваньне правяла Анна Сівірская. Яна прааналізавала па 50 камэнтарыяў 20 беларускамоўных камэнтатараў партала Tut.by. І вось якая карціна паўстала перад дасьледчыцай.

Анна Сівірская: З гэтых 20 чалавек 13 карысталіся наркамаўкай. Шэсьць чалавек карысталіся тарашкевіцай, а адзін чалавек — непасьлядоўным правапісам, увогуле бяз прынцыпаў артаграфіі, які цяжка аднесьці да наркамаўкі або тарашкевіцы. Такая прапорцыя карыстальнікаў наркамаўкі і тарашкевіцы прыблізна супадае з папярэднімі данымі, якія я агучвала.

І ўсё ж, вельмі цяжка правесьці строгае разьмежаваньне паміж карыстальнікамі тарашкевіцы і наркамаўкі. Бо першыя, здавалася б, павінны адзначацца большай пісьменнасьцю, пурызмам. Але ўва ўсіх шасьці карыстальнікаў тарашкевіцы я адзначыла значную непасьлядоўнасьць у выкарыстаньні тарашкевіцы. І гэта відавочныя рэчы, як, напрыклад, брак мяккага знаку, напрыклад, у слове “сьнег”. Таксама яны непасьлядоўна пішуць, скажам, словы “прафэсар” і “прафесар”. Апрача таго, вельмі часта носьбіты тарашкевіцы не пазначаюць яканьне ў прыназоўніках — напрыклад, “не будзеш” замест “ня будзеш”.

І яшчэ кідаецца ў вочы вялізны лексычны і граматычны ўплыў на тарашкевіцу наркамаўкі, а перш за ўсё расейскай мовы, аж да капіраваньня расейскіх сынтаксычных канструкцый. І таму, калі мы сыходзім з таго, што тарашкевіца павінна характарызавацца большай пісьменнасьцю, то ўплыў расейскай мовы на яе павінен быць меншы. Аднак мы гэтага не назіраем.

Натуральна, цяжка рабіць далекасяжныя вывады на прыкладзе шасьці чалавек і пераносіць іх на ўсё грамадзтва. Аднак з гэтых шасьці асоб адна пісала пісьменна. А для пяці чалавек, як мне здалося, тарашкевіца зьяўляецца ідэалягічным маркерам. Яны стараюцца карыстацца тарашкевіцай, аднак іх веды беларускай мовы горшыя, а штодня, трэба меркаваць, яны карыстаюцца расейскай мовай. А тарашкевіцай яны карыстаюцца толькі ў інтэрнэце па ідэалягічных меркаваньнях. І на жаль, гэта кідаецца ў вочы. Бо лягчэй запомніць, дзе ставіць мяккія знакі. І нашмат цяжэй кантраляваць сябе ў такіх галінах мовы, як сынтаксіс, граматыка.

Зрэшты, і ў носьбітаў наркамаўкі назіраюцца непасьлядоўнасьці. Ані носьбіты тарашкевіцы, ані носьбіты наркамаўкі ў сваіх камэнтарыях у інтэрнэце не дэманструюць абсалютнай пісьменнасьці. У сваю чаргу, у наркамаўцы камэнтатараў у інтэрнэце ў пэўных момантах можна заўважыць уплыў тарашкевіцы. Напрыклад, часьцей ужываецца геаграфічная назва Менск, чым Мінск, Расея замест Расія. У асоб, якія пішуць наркамаўкай, заўважаюцца пурыстычныя тэндэнцыі ў лексыцы. Таму нельга сказаць, што той, хто выкарыстоўвае наркамаўку, арыентуецца на ўзоры мовы ўсходняга суседа Беларусі.

Віктар Корбут

Слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт