Logo Polskiego Radia
Print

Дзе вучыліся і што чыталі несьвіжане ў XVIII ст.

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 16.05.2019 16:59
  • 0516 Варшаўскі мост. В.Палунчанка - Нясьвіж.mp3
Вольга Палунчанка расказвае пра ролю Адукацыйнай камісіі ў сыстэме асьветы Нясьвіжа ў XVIII ст.
Нясьвіж. У цэнтры кадра — месца, дзе ў XVIII cт. знаходзіўся езуіцкі калегіюм, а затым павятовая школаНясьвіж. У цэнтры кадра — месца, дзе ў XVIII cт. знаходзіўся езуіцкі калегіюм, а затым павятовая школаФота: commons.wikimedia.org/Alex Zelenko/CC BY-SA 4.0

Міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Польска-беларускія літаратурныя і моўныя сувязі» адбылася 29-30 сакавіка на катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта.

Сярод выступленьняў на гэтым прадстаўнічым навуковым форуме быў адметны даклад магістра пэдагагічных навук Вольгі Палунчанка, асьпіранта (саіскальніка) катэдры бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасьці факультэта інфармацыйна-дакумэнтных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта культуры і мастацтваў. Яна расказала пра ролю Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай (Komisja Edukacji Narodowej) у арганізацыі дзейнасьці бібліятэк і адукацыйных устаноў Нясьвіжа ў канцы XVIII ст. Трэба адзначыць, што менавіта ў той час у Беларусі, як і ў Польшчы, пачала рабіць першыя крокі амаль сучасная сыстэма адукацыі — сьвецкая і ўсеагульная. Натуральна, яна яшчэ не была яшчэ ў поўнай меры свабоднай ад рэлігіі і даступнай кожнаму, але пачатак такой сыстэме асьветы быў пакладзены.

Вольга
Вольга Палунчанка. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Вольга Палунчанка: Для Нясьвіжа апошняя чвэрць XVIII ст. характарызуецца аслабленьнем уплыву каталіцкай царквы на сацыяльнае, інтэлектуальнае і культурнае жыцьцё. Скасаваньне ордэна езуітаў булай «Dominus as Redemptor noster» папы Клімэнта XIV ад 21 ліпеня 1773 г. і стварэньне Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай 14 кастрычніка 1773 г. прывяло да рэфармаваньня сыстэмы адукацыі і рэарганізацыі дзейнасьці бібліятэк навучальных устаноў.

З 1774 г. нясьвіскія павятовыя школы належалі да падакруговых школ Наваградзкай акругі Літоўскай правінцыі.

Пачатак дзейнасьці Адукацыйнай камісіі ў Нясьвіжы для бібліятэк навучальных устаноў характарызуецца, у першую чаргу, рэарганізацыяй кніжных фондаў бібліятэк езуіцкага калегіюма і дома трэцяй прабацыі і навіцыята, якія разам з маёмасьцю езуітаў перайшлі да Адуацыйнай камісіі.

Падчас ліквідацыі ордэна езуітаў у 1773 г. маёмасьць нясьвіскіх езуітаў перайшла да Адукацыйнай камісіі, якая на эканамічнай сэсіі ў Варшаве 11 лютага 1786 г. прыняла рашэньне перадаць К. С. Радзівілу касьцёл сьв. Міхала, а бібліятэку і іншыя рэчы езуітаў — калегіюму ў Нясьвіжы, рэарганізаванаму ў павятовую школу.

Адукацыйная камісія апекавалася мэтанакіраваным і адрасным кнігазабеспячэньнем школьных бібліятэк патрэбнай літаратурай. Адно з прадпісаньняў інспэктара патрабавала стварэньне другога экзэмпляра каталёга на бібліятэчны фонд для Галоўнай школы, якая аналізавала каталёгі і прадстаўляла інфармацыю аб патрэбнай літаратуры ў Адукацыйную камісію. У сваю чаргу, камісія ажыцьцяўляла камплектаваньне бібліятэчных фондаў праз закупку, пераразьмеркаваньне літаратуры з фонду адной бібліятэкі ў іншыя, альбо з дублетных выданьняў бібліятэкі Залускіх.

Галоўны нагляд і кантроль за кнігавыданьнем і якасьцю выдадзенай літаратуры ажыцьцяўляла Таварыства вучэбных кніг (Towarzystwo Ksiąg Elementarnych).

Адукацыйнай камісіяй была створана першая на тэрыторыі Рэчы Паспалітай сетка бібліятэк, якая мела тры ступені:

1. Публічная бібліятэка Залускіх (Варшава);

2. Біліятэкі дзьвюх Галоўных школ — Польскай Кароны (Кракаў) і ВКЛ (Вільня);

3. Бібліятэкі іншых школ.

Бібліятэка Галоўнай школы ВКЛ атрымлівала абавязковы экзэмпляр твора, выдадзенага ў Літоўскай правінцыі, але цэнтралізаванага камплектаваньня бібліятэк павятовых школ арганізаваць не ўдалося.
Першы вядомы загад аб абавязковым экзэмпляры ў ВКЛ — М. К. Радзівіла Рыбанькі ад 1 сьнежня 1751 г. — зьвязаны з акадэмічнай Нясьвіскай друкарняй, які абавязваў выдаўцоў два экзэмпляры кожнага выданьня перадаваць у бібліятэку Нясьвіскай ардынацыі.

Віктар Корбут

Слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт