Чаму амэрыканскія й заходнеэўрапэйскія турысты так імкнуцца ў Лацінскую Амэрыку? І нішто іх не спыняе – ні навіны пра наркатрафікі, ні землятрусы, ні крымінагенная сытуацыя.
Чаму некаторыя амэрыканцы ледзь ня б’юцца за від на жыхарства ў той жа Коста-Рыцы? Што так вабіць прыезджых сюды людзей?
“Перш-наперш прырода”, - чую я на кожным кроку.
На хвалях Беларускай службы Польскага радыё мы ўжо распавядалі пра тое, што Коста-Рыка – адна з найменшых краін Цэнтральнай Амэрыкі. Тут жыве блізу 4,5 мільёнаў чалавек.
Але разнастайнасьці мясцовай прыроды хапіла б, верагодна, на 100 мільёнаў.
Едучы па кастарыканскай шашы на аўтамабілі, не зьдзіўляйцеся, калі цягам 100 кілямэтраў вы пабачыце й бананавыя плянтацыі з какосавымі пальмамі, і так званыя туманныя трапічныя лясы, з дрэвамі, парослымі мохам, і хваёвыя дзяляначкі на горных схілах.
Такім чынам, аўтобус высаджвае мяне ў кантоне Сан-Рамон, на цэнтральнай кастарыканскай восі, дзе я ўпершыню ў жыцьці знаёмлюся з так званымі туманнымі лясамі.
Біёляг, экспэрт у пытаньнях прыродазнаўства Ворнар Арыяс тлумачыць, якім чынам такія незвычаныя лясы ўтвараюцца.
Ворнар Арыяс: Тут сустракаюцца вятры з Карыбскага мора й Ціхага акіяну. Месца, дзе мы зараз знаходзімся, гэта сярэдзіна, якая дзеліць краіну на дзьве часткі. Вятры сустракаюцца на гэтай лініі. Таму ствараецца ўражаньне, што вы гуляеце па аблоках. Такое надвор’е здараецца ўначы й працягваецца да адзінаццаці гадзін раніцы. Пасьля – навакольле робіцца ясным, а як сьцямнее – усё зноўку зацягваецца туманамі.
Горныя туманныя лясы ў срэдзіне дня.
Тыя ж лясы раніцай атулены смогам
Блукаючы па горным туманным лесе, я не магу стрымліваць свае вочы, якія разьбягаюцца ў розныя бакі. Настолькі незвычайныя расьліны мне сустракаюцца.
Некаторыя расьліны спрэс пакрыты мохам.
Ворнар Арыяс паказвае адну зь мясцовых унікальных з’яваў: на дрэве прыпячатана муміфікаванае цельца павука. Хто ж расправіўся з казюркай?
Ворнар Арыяс: На дрэве жывуць амаль нябачныя мікраарганізмы, якія прыцягваюць павукоў і забіваюць. Пасьля забіраюць атруту ў ахвяры й выкарыстоўваюць яе, каб забіваць іншых казюрак, якія зьнішчаюць дрэва. Гэты прыродны мэханізм выглядае вельмі цікавым. Бо, на першы погляд, як гэта можа быць, каб павук загінуў з-за актыўнасьці нейкіх мікраарганізмаў!
Горныя туманныя лясы ў срэдзіне дня
Ворнар Арыяс
Сотні тысяч турыстаў прыязджаюць у кантон Сан-Рамон, каб на свае вочы пабачыць унікальных мятлушак і казюрак. Але ўсіх вы не пералічыце й за ўсё жыцьцё – так іх шмат, распавядае біёляг і экспэрт у галіне мятлушак Маярысія Гуцьерас, супрацоўнік біялягічнага факультэту галоўнага нацыянальнага інстытута Коста-Рыкі.
Маўрысіа Гуцьерас: Толькі ў кантоне Сан-Рамон жыве каля 8000 разнастайных казюрак і каля 5000 мятлушак. Коста-Рыка – гэта транзітная краіна, празь якую мятлушкі рухаюцца з Паўночнай часткі кантынэнту да самай Калюмбіі. Ёсьць людзі, якія спыняюць гэту міграцыю, ловяць мятлушак і продаюць. Але па законе рабіць гэта забараняецца, і вы можаце панесьці крымінальную адказнасьць.
Уначы горныя туманныя лясы пераўтвараюцца ў найбагацейшы прыродны аркестр. Сотні казюрак, птушак, рэптылій сьпяваюць на розныя галасы. Наскрозь туманных аблачын сьлізгаюць сьветлячкі. І, нягледзячы на вільготнасьць, назіраць і слухаць увесь гэты шум магчыма ў адной цішотцы – зусім ня холадна.
Аляксандр Парошын,
Спэцыяльна для Беларускай службы Польскага радыё,
кантон Сан-Рамон, Коста-Рыка
Фота аўтара