Logo Polskiego Radia
Print

Жыцьцё пасьля землятрусу. Вулкан Паас (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 10.03.2012 17:39
  • вулкан.mp3
Казачныя краявіды на фоне экзатычнага вулкана.

У студзені 2009 года ў кастарыканскім рэгіёне Сіньчона, што знаходзіцца непадалёк ад сталіцы, скалынула зямлю. Загінулі трыццаць чалавек, сотні пацярпелі.
Мясцовыя жыхары заўжды гатовыя да падземных штуршкоў, яны жывуць ня інакш як на парахавой бочцы. Бо гэта ваколіцы Пааса, аднаго з найвялікшых вулканаў Амэрыкі.
Зь першай паловы 19-га стагодзьдзя Паас вывяргаўся 39 разоў.
Але ў той раз стыхія не пакінула жыхарам Сіньчоны выбару. Руйнаваліся нават аднапавярховыя будынкі, чаго звычайна не здараецца.
Напрыклад, вось гэты гатэль, Poas Volcano Lodge. Ад яго да кратэра вулкана Паас – лічаныя дзясяткі хвілінаў. Гатэль быў зьнішчаны амаль цалкам, распавядае кастарыканец Даніэль, якога я сустрэў побач з постмадэрнісцкім будынкам.

Даніэль: Гэта быў вельмі моцны землятрус, які шмат што зьнішчыў. Зямля раскрывалася, дарогі разламваліся й руйнаваліся. Вадаспады вакол зьнішчаліся. А гэты гатэль быў зруйнаваны на 80%. Хто ведае гэту гісторыю лепш, дык гэта Майкл Кэнан. Ён брытанец, ён уладальнік гэтага гатэлю.

/



Містэр Кэнан нездарма арганізаваў свой бізнэс у Сіньчоне. Сярод маляўнічых гораў, атуленых аблокамі, сярод сакавітых райскіх палеткаў. Блукаючы па ваколіцах, у прамым сэнсе ўдыхаючы аблокі, можна падумаць, напэўна, на незусім цьвярозую галаву, што й сапраўды знаходзішся ў раі.

/



Вулкан Паас таксама падаецца магічным і прыцягальным. Ён вабіць турыстаў лячэбным пахам серавадароду й кіслотнымі дажджамі, што здараюцца над кратэрам. Дарэчы, кратэр мае дыямэтр паўтара кілямэтра.
Але цяжка паверыць, што за ўсёй гэтай магічнасьцю можа затаіцца руйнавальная моц.

Гэта
Гэта – схаваны за аблокамі вулкан Паас.



Містэр Кэнан называе той студзеньскі дзень 2009-га года сапраўднай драмай.

Майкл Кэнан: Гэта быў вельмі адкрыты землятрус, блізкі да паверхні зямлі. 6,2 пункты паводле шкалы Рыхтэра. Гэта быў абед, цудоўны час для турыстаў, бо ў гатэлі нікога не было. Мяне тут таксама не было, але супрацоўнікі гатэлю расказвалі, што гэта было драматычна. Ты бачыш гэта? Гэта падлога, якую мы некалі мелі ў нумарах. Цяпер яна ў рэстарацыі. Усё, што ацалела, мы выкарысталі, перабудоўваючы гатэль.

Майкл
Майкл Кэнан



Кавалкі
Кавалкі падлогі зруйнаванага гатэлю выкарысталі, будуючы новы гатэль.



Сёньня ваколіцы вулкана зноўку выглядаюць чароўнай казкай.
А цалкам перабудаваны гатэль Poas Volcano Lodge нагадвае карцінку з прыгожага кіно.
Таму не зьдзіўляюся, што эўрапэйскія турысты, у тым ліку й палякі, расейцы,славакі, з адавальненьнем наведваюцца сюды. Ці з-за навакольнай прыгажосьці, ці з-за вулканічнага экстрыму – Паас можа прачнуцца ў любы момант.
Па словах Містэра Кэнана, не прыязджаюць сюды толькі беларусы.


Карэспандэнт: Я зараз знаходжуся на лёджыі гатэльнага нумару, з выглядам на вулкан Паас. Як выглядае гэты нумар: вялізны ложак, на якім восем набіванак, драўляная падлога. Ёсьць імбрык, з дапамогай якога можна падрыхтаваць каву-гарбату. У ваннай дзьве ракавіны. Ёсьць нармальная прыбіральня, душ. І любавацца вулканам магчыма нават з вакна вось гэтага душа.

/



Я – першы беларус, які наведаўся ў госьці да Майкла Кэнана.
Паспытаў мясцовы хлеб і самаробнае масла, якое нагадвае пах вясковага беларускага дзяцінства. Кульнуў шклянку дзіўнага соку, зробленага з наранхіджа.

/



Дай Бог, калі-небудзь беларуская дзяржава перастане быць парахавой бочкай для сваіх грамадзян, і беларусы змогуць езьдзіць у Сіньчону, каб любавацца неспакойным вулканам Паас.
Так бы мовіць, для падтрыманьня экстрымальнага балянсу.

Аляксандр Парошын,
спэцыяльна для Беларускай службы Польскага радыё,
Сіньчона-Алахуэла


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт