Logo Polskiego Radia
Print

Белая Падляская

migracja
Administrator Administrator 01.08.2009 14:49
Паселішча пад “рабочай” назвай Белая было заснаванае ў 1481 годзе, яго заснавальнікам быў Пётар Янавіч па мянушцы "Белы".

Белая Падляская. Паселішча пад “рабочай” назвай Белая было заснаванае ў 1481 годзе, яго заснавальнікам быў Пётар Янавіч па мянушцы "Белы" – ваявода Трокаў, гетман Вялікага Княства Літоўскага. І менавіта ад яго бярэ сваю назву паселішча. Пётр Янавіч паходзіў са знакамітага роду Ільлінічаў, заснавальнікам якога быў Івашка Ільлініч. У 1569 годзе горад па запавеце апошняга ўладальніка Юры Ільлініча пераходзіць ва ўладаньні роду Радзівілаў, якія спрычыняюцца да хуткага разьвіцьця мясьцінкі. За часы іх панаваньня
Белая пачала называцца Белай Княскай альбо Белай Радзівілаўскай.

Менавіта Радзівілы адбудавалі горад пасьля вайны са швэдамі. А Міхал Казімер Радзівіл надаў яму ў 1670 годзе магдэбургскае права. З таго часу горад займеў герб з выявай Арханёла Міхала, стоячага на цмоку. У часы знакамітага роду тут паўстаюць фасьянсавыя ды суконныя фабрыкі. Адным з чарговых штуршкоў разьвіцьця быў міжваенны пэрыяд 20 ст., калі тут паўстала Падляская фабрыка самалётаў. Яна выпускала самалёты як па ліцэнзіі, так і па сваёй канструкцыі, на жаль, пасьля 1939 году фабрыка была разграблена савецкімі войскамі.

Гэта што да мінуўшчыны, а чым можа пахаліцца Белая сёньня?

Менавіта ў ваколіцах Белай знаходзіцца Нацыянальны парк "Падляскі пералом Бугу" – гэты прыродны закуток знакаміты сваёй некранутай цывілізацыяй і рачной далінай. Рака Кшна, на якой стаіць мястэчка, праз прыкладна 40 км упадае ў Буг (трохі вышэй Тэрэспаля). Таму сваё байдарачнае падарожжа варта распачаць ад Белай, а потым па Бузе, пакуль сілаў хопіць, на поўдзень альбо на поўнач. Магчымасьць падарожнічаць ракою Буг па польскім баку грунтоўна адрозьніваецца ад боку беларускага, нягледзечы на тое, што ляжыць рака у памежнай зоне. У Польшчы вам ня трэба здабываць спэцыяльнага дазволу, які б спатрэбіўся ў Беларусі.

Па ваколічных мясьцінах варта таксама праехацца роварам, а дзякуючы добра расплянаваным трасам рознай складанасьці й працягласьці, вам будзе з чаго выбіраць. Роварныя трасы апрацаваныя так, каб падарожнік на сваім шляху сустрэў як прыродныя так і архітэктурныя цікавінкі, вашым вачам адкрыецца краіна палацаў, касьцёлаў, цэркваў ды прыгажосьць сьціплай архітэктуры традыцыйнай падляскай вёскі.

Паглядзець толькі ў самой Белай ёсьць на што. Гэта і палацава-паркавы комплекс Радзівілаў з 17 ст, і эклектычныя камянічкі з канца 19 – пачатку 20 ст., і касьцёл сьв. Ганны з 1572 г., які быў раней арыянскім саборам і позьнебарокавы экс-базыліянскі касьцёл Нараджэньня Панны Марыі з паловы 18 ст., дзе захоўваліся рэліквіі сьв. Язафата Кунцэвіча. Ёсьць і новавыбудаваная царква сьв. Кірыла й Мяфодзія з 1985-1989. Захаваліся й будынкі ордэну братоў капуцынаў, які месьціцца ў даўнейшым кляштары рэфарматараў з ІІ паловы 17 ст.

Акрамя таго захаваўся будынак закладзенай ў 1628 годзе Бельскай акадэміі, якая пазьней сталася філіяй Кракаўскай акадэміі, у якой цяпер месьціцца ліцэй ім. Юзафа Ігнацыя Крашэўскага, вядомага пісьменніка, які навучаўся ў Белай. Акрамя напісаньня больш за 200 раманаў, ён вядомы ў Беларусі тым, што грунтоўна займаўся гісторыяй ВКЛ, напісаўшы, між іншым, працу "Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песьні", "Пінск і Піншчына", "Адзеньне мяшчан і сялян з ваколіц Берасьця, Кобрына й Пружан".

Мне здаецца, як на роварную экскурсію дастаткова. А цяпер прапаную перасесьці з каня металічнага (хаця апошнім часам з металічных частак у ровара застаўся хіба толькі што званок) на каня сапраўднага. Бо адной з адметнасьцяў рэгіёну зьяўляецца гадоўля каней чыстай арабскай крыві, якая месьціцца ў Янаве Падляскім. Тут некалькі разоў на год адбываюцца паказы ды аукцыёны, на якія прыязжаюць купцы зь вельмі далёкага сьвету. Аматарам каней раю наведаць Белую 7-8 жніўня, калі мае адбыцца польскі Нацыянальны паказ каней чыстай арабскай крыві, у якім бяруць удзель коні ня толькі зь Янава, але й з такіх мясьцінак як Міхалава, Куразвэнк ды Бялка.

Лепшага месца, а знаходзіцца яно няпоўныя 2 км ад беларускай мяжы, на гадоўлю каней знайсьці было б цяжка – тут і агромныя пасьбішчы, і лясы, і Буг са сваімі закрутасамі. Экалёгія аж пішчыць! Нездарма, калі ад 60 гадоў мінулага стагодзьдзя гадоўцы займелі магчымасьць прадаваць каней за мяжу, у іх адразу знайшліся набыўцы з-за Атлянтыкі, а дакладней са Злучаных Штатаў Амэрыкі. Менавіта амэрыканскія купцы з таго часу купілі найбольш каней, мала таго, яны заўсёды падбіваюць цэны, плоцячы найболш.

Адным словам запрашаю у ваколіцы Белай, можа й вам прыпадзе да спадобы які конь, а вы яго з разьбегу ды й купіце, каб потым хваліцца перад суседзямі ды сваякамі.

Уладзімер Міхневіч

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт