Вэнэсуэльскі прарыў
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
02.07.2012 13:30
Афіцыйны Менск падводзіць вынікі нядаўняга візыту Лукашэнкі ў Каракас.
Фота: e-reading.org.ua
Беларускія ўлады плянуюць у 5 разоў павялічыць памеры здабычы нафты ў Вэнэсуэле. Таксама Беларусь хоча вывесьці гэтую краіну на рынкі Эўропы.
Падчас афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Каракас, які меў месца на мінулым тыдні, было падпісана каля 19 дакумэнтаў у галіне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Пра гэта паведаміў беларускі старшыня камісіі па супрацы з Вэнэсуэлай Віктар Шэйман.
Адно з падпісаных пагадненьняў датычыць будаўніцтва ў Вэнэсуэле газаправода даўжынёй 260 кілямэтраў. Кошт праекту — 300 мільёнаў даляраў. У газавай сфэры Беларусь удзельнічае ў газыфікацыі гэтай лацінаамэрыканскай краіны. Ужо вядуцца працы па газыфікацыі Каракаса, вэнэсуэльскай сталіцы. Беларусь дапамагае Вэнэсуэле ў падрыхтоўцы спэцыялістаў-газавікоў.
Апроч газу беларускія ўлады актыўна працуюць у Вэнэсуэле ў нафтавай галіне. Паводле словаў Віктара Шэймана, Беларусь плянуе павялічыць здабычу нафты ў гэтай краіне ў пяць разоў. На сёньняшні дзень здабычай гэтай сыравіны займаецца сумеснае прадпрыемства „Пэтролера БелаВэнэсаляна”, яно здабывае каля 1 мільёна тон нафты ў год. Беларускі бок хоча павялічыць памеры здабычы да 5 мільёнаў у год. Гэта плянуюць зрабіць за кошт распрацоўкі новых радовішчаў ды павелічэньня здабычы ў папярэдніх сьвідравінах, паведаміў беларускі службоўца.
Апроч таго, беларускі бок гатовы быць пасярэднікам Вэнэсуэлы па выхадзе на рынкі Эўропы ды Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расеі й Казахстану.
Паводле БелТА