Logo Polskiego Radia
Print

Выпадкі менінгіту ў Ашмянах

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 09.01.2013 14:00
Памерлі двое дзяцей. Сярод людзей паніка.
Polskie Radio

Аб успышцы менінгіту ў Ашмянах Гарадзенскай вобласьці паведамілі TUT.BY чытачы. "Памерлі 2 дзіцяці - 4 і 13 гадоў. Яшчэ двое дзяцей у рэанімацыі".

"На сёньняшні дзень у раёне зарэгістравана два выпадкі менінгіту са сьмяротным зыходам, - распавёў TUT.BY галоўны санітарны ўрач Ашмянскага раёна Іван Маліна, - гэта вокамгненная форма разьвіцьця хваробы".Людзі, якія знаходзіліся ў кантакце з гэтымі дзецьмі, сёньня знаходзяцца пад наглядам: яны абсьледаваны, у іх ўзятыя лябараторныя аналізы.

Ці ёсьць яшчэ выпадкі з падазрэньнем на менінгіт, галоўны санітарны ўрач адказаць ня можа: "У раёне пражываюць 15 тысяч чалавек - у сувязі з гэтай сытуацыяй, кожны бацька падазрае ў сваім дзіцяці наяўнасьць захворваньня". Да таго ж, "цяпер сэзон ўздыму ВРВІ, а менінгіт цяжка адрозніць ад віруснай інфэкцыі, якая таксама можа суправаджацца галаўным болем і тэмпэратурай".

Акрамя частай галаўнога болю й высокай тэмпэратуры, менінгіт, па словах Івана Маліна, характарызуецца ванітаваньнем.

Па словах чытача TUT.BY, бацькоў абзвоньваюць і просяць ўстрымацца ад наведваньня дзецьмі школ і садкоў. Абмежавальных мерапрыемстваў у раёне не прадугледжана, кажа Іван Маліна. "Мы зьбіраліся з усімі дырэктарамі школ. Гэта не эпідэмія".

Жыхары Ашмян скупляюць у аптэках антыбіётыкі. "Правільна прызначаны антыбіётык - добрая прафіляктычная мера, - адзначае Маліна. - Так, пры першых прыкметах ВРВІ трэба выклікаць лекара. Аднак без прызначэньня, а, тым больш, без прыкмет якога-небудзь захворваньня, прымаць антыбіётыкі ня варта".

Галоўны санітарны ўрач Ашмянскага раёна раіць жыхарам такія мэтады прафіляктыкі менінгіту: частыя прагулкі на сьвежым паветры, не пераахалоджвацца, заняткі спортам і прыём вітамінаў.

Паводле TUT.BY/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт