ААН дае час Беларусі да 3 ліпеня
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
28.01.2013 10:43
Беларусь павінна прызнаць, што ў адносінах да Кавалёва былі парушаныя права на жыцьцё й абарону, прэзумпцыя невінаватасьці й справядлівага судовага разьбіральніцтва.
Маці расстралянага паводле абвінавачваньня Ўладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва атрымала з упраўленьня Вярхоўнага Камісара паведамленьне пра тое, што яны чакаюць да 3 ліпеня 2013 году ад беларускага ўраду інфармацыі аб прынятых мерах па выкананьні рашэньня Камітэта па правах чалавека ААН па справе яе сына.
Беларусь, па рашэньні Камітэта па правах чалавека ААН, павінна прызнаць, што ў адносінах да Ўладзіслава Кавалёва былі парушаныя права на жыцьцё й абарону, прэзумпцыя невінаватасьці й справядлівага судовага разьбіральніцтва, а таксама права перагляду судовага рашэньня.
Праваабаронца Раман Кісьляк, які дапамагае Любові Кавалёвай, спадзяецца, што на гэты раз Беларусь зробіць крок у цывілізаваным кірунку й вернецца да выкананьня сваіх абавязацельстваў, прадугледжаных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах — апублікуе дадзенае рашэньне, а таксама прыме меры, каб такія парушэньні ў будучыні не паўтараліся.
Уладзіслава Кавалёва разам з Дзьмітрыем Канавалавым прызналі вінаватым у тэракце ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году й расстралялі ў сакавіку 2012 году.
яс/nn.by