Logo Polskiego Radia
Print

Ратавальнікі выратавалі рыбакоў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 09.03.2013 15:52
Супрацоўнікі МНС зьнялі мужчын з крыгі, якая плыла па Дзьвіне.

Надзвычайнае здарэньне адбылося 8 сакавіка ў раёне вёскі Цюлькоў у Полацкім раёне. 11 рыбакоў вырашылі парыбачыць на Дзьвіне. Аднак лёд на рацэ пачаў ламацца, крыга памерамі 100×70 мэтраў з рыбакамі адарвалася ад берага й паплыла па цячэньні. Тры чалавекі выбраліся на бераг самастойна (яны не пацярпелі), а астатнія восем апынуліся ў пастцы на крызе. На шчасьце, з сабой быў мабільны тэлефон, рыбак выклікаў выратавальнікаў. Калі тыя прыбылі на месца, крыга ўжо адплыла ад берага на адлегласьць 50 м. Глыбіня ў тым месцы ракі - каля 7 мэтраў. Ратавальнікі па чарзе зьнялі рыбакоў з крыгі й даставілі на бераг. Ніхто зь іх не пацярпеў, ад шпіталізацыі мужчыны адмовіліся.
МНС нагадвае: выходзіць на тонкі лёд небясьпечна. Пад вясновымі промнямі сонца лёд на вадаёмах становіцца друзлым і нетрывалым.
Бясьпечным для чалавека лічыцца лёд таўшчынёй ня менш за 10 см у прэснай і 15 см у салёнай вадзе. Пры гэтым варта памятаць, што трываласьць лёду аслаблена ў вусцях і прытоках рэк, месцах хуткай плыні, дзе б’юць крыніцы, стокавыя воды, раёнах росту воднай расьліннасьці, дрэў, кустоў й чароту.

БелТА/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт