Адвакат Натальлі Шэлег патрабуе бясьпекі для яе сям’і
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
11.08.2013 10:04
Ён выказвае заклапочанасьць разьвіцьцём сытуацыі вакол справы сям'і Шэлег.
racyja.com
Адвакат Натальлі Шэлег патрабуе гарантаваць бясьпеку яе сям'і. Пададзена адпаведнае хадайніцтва. Адвакат выказвае заклапочанасьць разьвіцьцём сытуацыі вакол справы сям'і Шэлег.
Літаральна празь некалькі гадзін пасьля падачы хадайніцтва зьдзейсьнены напад на бацьку Натальлі – Вячаслава Шэлега. Сябра аргкамітэта па стварэньні партыі „Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” выказвае ўпэўненасьць, што „стаў ахвярай супрацоўніка міліцыі”.
Інцыдэнт адбыўся ля ўпраўленьня ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама. „Міліцыянэр у цывільнай вопратцы напаў, калі паркаваў аўтамабіль на міліцэйскай паркоўцы”, – сьцьвярджае актывіст. Ва ўпраўленьні ўнутраных спраў прызнаюць, што такі інцыдэнт адбыўся, аднак камэнтаваць яго адмаўляюцца. Вячаслаў Шэлег чакае вынікаў працэдуры зьняцьця пабояў.
Нагадаем, 27 ліпеня 16-гадовая Натальля выйшла з хаты на традыцыйную ранішнюю прабежку й не вярнулася. Як высьветлілася, на стадыёне пасьля прабежкі, калі яна падышла да турніка, нехта ззаду стукнуў Натальлю па патыліцы цяжкім, тупым прадметам. Дзяўчына страціла прытомнасьць, пасьля яе паклалі ў машыну й вывезьлі ў лес. Без прытомнасьці яна правяла каля дзьвюх гадзін. Яна была ўся перапэцканая чорнай фарбай. Абутку на ёй не было, вопратка была разарваная.
Па пытаньні выкраданьня дачкі актывіста сьледчыя органы праводзяць крымінальную справу.
racyja.com/аз