Logo Polskiego Radia
Print

Мінпрацы: на аплату лісткоў непрацаздольнасьці няма грошай

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 28.09.2013 12:06
Вяртаць ранейшую сыстэму аплаты лісткоў непрацаздольнасьці ня будуць.

У Мінпрацы кажуць, што вяртаць ранейшую сыстэму аплаты лісткоў непрацаздольнасьці ня будуць, паколькі ў бюджэце няма дзеля гэтага сродкаў.

Новая сыстэма аплаты бальнічных дзейнічае ў Беларусі ўжо трэці месяц. Нагадаем, 80% сярэднядзённага заробку будуць плаціць ня першыя шэсьць дзён, праведзеныя на бальнічным, а першыя дванаццаць (і толькі потым 100%). Да таго ж аплачваюць бальнічныя цяпер не за працоўныя, а за каляндарныя дні й бяруць у разьлік сярэдні заробак апошніх шасьці месяцаў, а ня двух, як гэта было раней.

Адразу пасьля таго, як зьмены ўступілі ў дзеяньне, беларускія прафсаюзы выступілі супраць такіх новаўвядзеньняў, пераконваючы, што такія зьмены паўплываюць на кашалькі беларусаў.

Але ў Мінпрацы заяўляюць, што вяртаць ранейшую аплату бальнічных не плянуюць. У іншым выпадку прыйшлося б паменшыць іншыя дапамогі.

„Якія-небудзь карэкціроўкі ў пастанову ўрада ўносіцца ня будуць, у тым ліку й паводле эканамічных прычынаў”, - распавёў газэце „Рэспубліка” намесьнік міністра працы й сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.

Паводле віцэ-міністра, выдаткі на выплату бальнічных растуць з года ў год. Усяго за апошнія шэсьць гадоў - у сем разоў.

Скараціць выдаткі на аплату бальнічных прыйшлося й празь дзіцячыя дапамогі, якія прыкметна вырасьлі.

„У 2011 годзе значна вырасьлі дапамогі пры нараджэньні дзяцей. Са студзеня гэтага ўдвая павялічыўся памер дапамогі для догляду за дзецьмі да 3 гадоў, яго прывязалі да заработнай платы. Але ж Фонд сацыяльнай абароны пры гэтым не атрымліваў дадатковых даходаў. Менавіта таму былі прынятыя меры ў аптымізацыі выдаткаў на аплату бальнічных”, - сказаў намесьнік міністра працы й сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.

charter97.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт