Абвешчаныя конкурсы з нагоды юбілею Хрышчэньня Русі
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
30.09.2013 17:30
Конкурсы навуковых работ і твораў абвесьціў Інстытут тэалёгіі імя сьвятых Мяфодзія й Кірыла БДУ.
wikipedia.pl
Інстытут тэалёгіі імя сьвятых Мяфодзія й Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта абвясьціў аб пачатку конкурсаў навуковых работ і твораў, прысьвечаных 1025-годзьдзю Хрышчэньня Русі, сярод навучэнцаў сярэдніх школ, ліцэяў і гімназій.
Як паведамілі ў Інстытуце тэалёгіі БДУ, спаборніцтвы праходзяць пры падтрымцы аддзела адукацыі й катэхізацыі Менскай епархіі БПЦ і міжнароднага дабрачыннага фонду "Сям'я - Яднаньне - Айчына".
Навуковыя працы на тэму "Хрысьціянскія маральныя каштоўнасьці ў сусьветнай мастацкай культуры" прапануецца дасылаць да 1 красавіка 2014 года. У якасьці арыенціраў для напісаньня працы можна выкарыстоўваць пытаньні духоўных пошукаў чалавека ў творах мастацкай літаратуры, біблейскіх сюжэтаў у выяўленчым мастацтве, біблейскіх сюжэтаў у духоўнай і сьвецкай музычнай культуры, а таксама хрысьціянскіх маральных каштоўнасьцяў у кантэксьце сьвецкай школьнай адукацыі.
Тэма сёлетняга конкурсу твораў - "Вера ў сэрцы маім", прыём гэтых работ працягнецца да 1 сакавіка 2014 года. Удзельнікам прапануецца паразважаць над такім пытаньнем, як "Вера ў маім жыцьці й жыцьці маёй сям'і", распавесьці гісторыю свайго храма, задацца пытаньнямі, ці здольная вера зрабіць сьвет лепшым, а чалавека - дабрэйшым, якая каштоўнасьць хрысьціянства для сучаснага маладога чалавека, а таксама што ўкладаюць людзі ў паняцьце "хрысьціянская любоў".
Конкурсныя матэрыялы на абодва інтэлектуальных спаборніцтвы неабходна адпраўляць па адрасе: 220003 Менск, праспэкт Незалежнасьці 24, Інстытут тэалёгіі БДУ, з пазнакай "на конкурс".
БелаПАН/ав