Logo Polskiego Radia
Print

Ірына Халіп і Том Стопард ўзнагароджаны прэміяй Пінтэра

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 08.10.2013 14:00
Галоўны ляўрэат прэстыжнай прэміі Гаральда Пінтэра падзяліўся ёй зь беларускай журналісткай.

Прэстыжная прэмія Гаральда Пінтэра ў гэтым годзе дастанецца беларускай журналістцы й брытанскаму драматургу. Узнагароду, якая была заснавана ў 2009 годзе, уручае ПЭН-клюб Злучанага каралеўства.

Ляўрэатам прэміі сэр Том Стопард стаў яшчэ ў ліпені гэтага года. Учора ўвечары драматург паведаміў, што беларуская журналістка Ірына Халіп таксама атрымае пісьменьніцкую ўзнагароду за мужнасьць.

Том Стопард зрабіў гэтую заяву на публічным мерапрыемстве ў Брытанскай бібліятэцы ў панядзелак, калі ён афіцыйна атрымаў прэмію.

Прэмія заснавана брытанскім ПЭН-клюбам у гонар Гаральда Пінтэра, які быў актыўным удзельнікам Камітэта зьняволеных пісьменьнікаў. Яна ўручаецца брытанскаму пісьменьніку, які дэманструе цьвёрдую, непахісную й гарачую інтэлектуальную рашучасьць. Ляўрэат дзеліцца ўзнагародай з замежным пісьменьнікам, які падвяргаецца перасьледу або турэмнаму зьняволеньню за свае погляды.

Па словах сэра Тома Стопарда, Ірына Халіп заслугоўвае прызнаньня яе мужнасьці за крытыку аўтарытарнай улады, нягледзячы на запалохваньні й пазбаўленьне волі. “Я пачынаў як журналіст, і я ганаруся тым, што дзялю прэмію з адважным рэпарцёрам”, - заявіў ён.

Хартыя/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт