Logo Polskiego Radia
Print

ЭАБР: Пачынаць новую праграму зь Беларусьсю пакуль няма сэнсу

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 12.11.2013 15:10
Беларусь ня выканала ўмовы пятага траншу.
fot. sxc.hu

Да заканчэньня дзейнай крэдытнай праграмы зь Беларусьсю пачынаць новую няма сэнсу, заявіў 12 лістапада на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве Ігар Фінагенаў, старшыня праўленьня Эўразійскага банка разьвіцьця, які кіруе сродкамі Антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС.

Ён падкрэсьліў, што спачатку трэба падвесьці вынікі цяперашняй крэдытнай праграмы зь Беларусьсю. "Неабходна спачатку ацаніць цяперашнюю праграму ў частцы эфэктыўнасьці, прааналізаваць падыходы з пункту гледжаньня таго, наколькі яны былі прымальныя для вырашэньня задач у сувязі з эканамічнай сытуацыяй у Беларусі. Толькі пасьля гэтага можна будзе зрабіць выснову, ці патрэбна новая праграма", — падкрэсьліў Фінагенаў.

У жніўні Міністэрства фінансаў Беларусі выказала зацікаўленасьць у заключэньні новай крэдытнай праграмы з Антыкрызысным фондам ЭўрАзЭС.

Пачатак цяперашняй крэдытнай праграмы быў пакладзены два гады таму. 4 чэрвеня 2011 года Савет АКФ ухваліў выдзяленьне Беларусі фінансавага крэдыту ў аб'ёме 3 млрд. даляраў ЗША. Крэдыт выдзяляецца шасьцю траншамі на працягу 2011—2013 гадоў у адпаведнасьці з выкананьнем этапаў крэдытнай праграмы беларускім урадам.

Пяты транш крэдыту Антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС Беларусь атрымала 30 красавіка гэтага года. У ацэнцы фонду аб выкананьні ўмоў пятага траншу паведамлялася, што краіна ня выканала некалькі індыкатыўных паказчыкаў: у прыватнасьці, па велічыні паступленьняў ад прыватызацыі, узроўні кампэнсаваньня насельніцтвам кошту паслуг ЖКГ і грамадзкага транспарту. Акрамя таго, рост патрабаваньняў банкаў да іншых сэктараў эканомікі па выніках 2012 года ўдвая перавысіў заплянаваны ўзровень.

Раней беларускія ўлады выказвалі надзею, што апошні, шосты, транш крэдыту Антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС будзе атрыманы ў лістападзе.

БелаПАН

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт