Шарэпка: Польшча выступае за адмену віз зь Беларусьсю
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
14.11.2013 12:51
Беларусь - трэці па велічыні гандлёвы партнэр Польшчы з краін Усходняй Эўропы, - нагадаў пасол.
„Польшча прысуджаная да супрацоўніцтва зь Беларусьсю. У нас агульная мяжа, і мы будзем рабіць усё магчымае для ўцягненьня Беларусі ў дыялёг”, - паведаміў пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.
„На жаль, адносіны паміж нашымі краінамі залежаць ад адносінаў паміж Беларусьсю й ЭЗ, і цягам трох гадоў мы знаходзімся ў тупіку”,- заўважыў пасол.
Шарэпка нагадаў, што Беларусь - трэці па велічыні гандлёвы партнэр Польшчы з краін Усходняй Эўропы, а Польшча для Беларусі, паводле польскай статыстыкі, зьяўляецца шостым самым буйным эканамічным партнэрам. У мінулым годзе тавараабарот паміж дзяржавамі склаў 3 мільярды даляраў: 2 мільярды імпарту з Польшчы й мільярд даляраў экспартаваных беларускіх тавараў.
Пасол Польшчы нагадаў, што ўжо тры гады беларускі бок марудзіць з пагадненьнем аб малым памежным руху з Польшчай.
„Польшча падтрымлівае ідэю бязьвізавага рэжыму з Беларусьсю - бо да ўвахода Польшчы ў Шэнгенскую зону паміж нашыі краінамі не было віз. Але мы не можам выходзіць за межы візавай палітыкі ЭЗ і прадпрымаць нешта ў аднабаковым парадку. У нас ёсьць шэраг прапаноў для Беларускага ўрада, але яны пакуль застаюцца без адказу”, - сказаў ён.
Лешак Шарэпка таксама заўпэўніў, што Польшча распрацоўвае новую сыстэму апрацоўкі заяваў на атрыманьне візаў, якая вырашыць існуючыя праблемы.
nn.by/аз