Logo Polskiego Radia
Print

Беларуская дэлегацыя правяла шэраг перамоў у Габоне

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 14.11.2013 15:18
Яе ачольваў намесьнік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў.

12-13 лістапада ў межах візыту ў Рэспубліку Габон дэлегацыі Беларусі на чале з намесьнікам міністра замежных спраў Валянцінам Рыбаковым адбыліся сустрэчы беларускай дэлегацыі зь кіраўніцтвам шэрагу міністэрстваў: прамысловасьці й шахтаў; аховы здароўя; абароны; эканомікі, занятасьці і ўстойлівага разьвіцьця; малога й сярэдняга прадпрымальніцтва, рамесьніцтва й гандлю.

Як паведаміла прэс-служба МЗС, падчас сустрэч абмяркоўваліся шляхі разьвіцьця двухбаковых гандлёва-эканамічных сувязяў, кантактаў у галіне аховы здароўя, адукацыі, турызму.

Адбыліся таксама перамовы беларускай дэлегацыі з прэзыдэнтам гандлёва-прамысловай палаты Габона. Праведзена кантактна-каапэрацыйная біржа з удзелам габонскіх дзелавых колаў.

Прадстаўнікі РУП „Менскі трактарны завод” і ААТ „Менскі аўтамабільны завод” правялі прэзэнтацыі вытворчых і экспартных магчымасьцяў сваіх прадпрыемстваў. Адбыўся шэраг сустрэч з бізнэсмэнамі Габона.

Паводле вынікаў візыту дасягнута дамоўленасьць аб наведваньні Беларусі ў 2014 годзе дэлегацыяй дзелавых колаў Габона з мэтай падбору камэрцыйных партнэраў, абмену вопытам у сфэры дрэваапрацоўкі, агра- і экатурызму, разьвіцьця двухбаковай дагаворна-прававой базы, прапрацоўкі іншых пэрспэктыўных кірункаў беларуска-габонскага супрацоўніцтва.

БелаПАН/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт