Logo Polskiego Radia
Print

Канаплёў: „Не зьвяртайце ўвагі на гэтую лухту”

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.11.2013 16:38
Віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта сьцвярджае, што яго ніхто не затрымліваў.
pressballpressball

„Не зьвяртайце ўвагі на гэтую лухту”, - заявіў Уладзімір Канаплёў у камэнтары БелаПАН.

На пытаньне, дзе ён знаходзіўся апошнія тры дні, Канаплёў заявіў: „Я ў гэты час адпачываў разам з жонкай. Я быў дома, а да гэтага адпачываў. Я быў у адпачынку й сёньня выйшаў на працу”.

Пра затрыманьне кіраўніка БФГ, віцэ-прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта, экс-сьпікера Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Канаплёва, а таксама былога віцэ-прэзыдэнта НАК, былога чальца аргкамітэта па падрыхтоўцы чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 года Генадзя Аляксеенкі паведаміла сёньня раніцай газэта „Прессбол”. Па зьвестках выданьня, затрыманьне праводзілі супрацоўнікі Камітэта дзяржбясьпекі.

Празь некалькі гадзін гэта ж выданьне паведаміла, што Канаплёў вызвалены з-пад варты праз трое сутак пасьля затрыманьня, на працягу якіх праводзілася праверка, і прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў.

Канаплёў таксама абверг інфармацыю аб затрыманьні Аляксеенкі: „Ён працуе ў нас, але яго цяпер няма. Заўтра выйдзе на працу. Ён таксама не затрымліваўся”.
Між тым, некалькі розных крыніц у праваахоўных органах пацьвердзілі іншым СМІ затрыманьне Канаплёва й Аляксеенкі.

Журналістам пакуль не ўдалося датэлефанавацца да Аляксеенкі. Пры наборы нумара яго мабільніка аўтаматычна ўключаецца галасавая пошта.

БелаПАН/charter97.org/аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт