Logo Polskiego Radia
Print

Праваабаронцы заявілі пра пляны назіраць за мясцовымі выбарамі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.12.2013 16:33
Дзеля гэтага яны чарговы раз аб’ядналіся ў кампанію.

/

У сакавіку 2014 году ў Беларусі адбудуцца чарговыя выбары ў мясцовыя саветы. Праваабаронцы БХК і „Вясны” абвясьцілі, што пачынаюць доўгатэрміновае назіраньне за тым, як пройдзе выбарчая кампанія.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак назваў мэты назіраньня.

„Мы ня лічым, што мясцовыя выбары будуць мець нейкае вялікае значэньне для сытуацыі ў краіне, але ўсё ж такі гэта тая кампанія, якую мы ня можам не аналізаваць і не адсочваць. Тым больш, што звычайна ў такі час абвастраецца сытуацыя з правамі чалавека, і таму таксама за гэтым трэба сачыць”, - сказаў Алег Гулак.

Ён дадаў, што варта таксама паназіраць за тым, як будуць дзейнічаць зьмены ў Выбарчы кодэкс, якія зараз уводзяцца.

Праваабаронцы заяўляюць, што будуць назіраць за выбарчай кампаніяй ад яе пачатку, бо вельмі важна, як выконваецца ўся працэдура: ад вылучэньня кандыдатаў, іх рэгістрацыі, агітацыйнага пэрыяду й да саміх выбараў.

Дзеля гэтага праваабаронцы БХК і „Вясны” чарговым разам аб’ядналіся ў кампанію пад назвай „Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якая вядомая з 2008 году. Алег Гулак паведаміў, што яны плянуюць далучыць да назіраньня за мясцовымі выбарамі й валянтэраў.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт