Logo Polskiego Radia
Print

Актывіст Таварыства аховы помнікаў супраць Мінкульту

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.02.2014 13:05
Гэта першы выпадак, калі грамадзянін выклікае ў суд міністэрства, каб абараніць гісторыка-культурную каштоўнасьць.

Унікальны судовы працэс пачаўся ў Менску. Пазоў супраць Міністэрства культуры падаў сябра Дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, жыхар Берасьця Дзяніс Турчаняк.

Актывіст просіць суд адмяніць рашэньне Мінкульту, які даў дазвол на будаўніцтва маста праз водны канал вакол Берасьцейскай крэпасьці. Меркаваньнем Турчаняка, гістарычныя зьвесткі сьведчаць аб тым, што калісьці мост знаходзіўся ў іншым месцы. Акрамя таго, на тэрыторыі помнікаў гісторыі новабудоўлі забаронены.

У судзе Турчаняк паведаміў, што з нагоды гэтай будоўлі Сьледчы камітэт у Берасьці распачаў крымінальную справу. Заяву ў пракуратуру напісаў і старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч. Паводле ягоных словаў, гэта першы выпадак у сучаснай Беларусі, калі грамадзянін выклікае ў суд міністэрства, каб абараніць гісторыка-культурную каштоўнасьць.

Суд абвесьціў перапынак у працэсе да 25 лютага.

Радыё Свабода/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт