Logo Polskiego Radia
Print

Немцы хочуць фінансаваць мэмарыял у Трасьцянцы

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 11.02.2014 09:13
У Нямеччыне зьбіраюць 1 млн. эўра на будаўніцтва мэмарыялу ў былым лягеры сьмерці Трасьцянец.

/

Дортмундзкі міжнародны адукацыйны цэнтр (МАЦ) зьбірае 1 млн. эўра на будаўніцтва мэмарыяльнага комплексу на месцы былога лягеру сьмерці Трасьцянец, паведаміў дырэктар Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Ёханэса Раўа Віктар Балакіраў.

Паводле яго слоў, першыя ахвяраваньні па 25 тыс. эўра паступілі ад гарадзкіх адміністрацый Бэрліна, Кёльна, Дзюсельдорфа, Гамбурга, Брэмэна і Франкфурта-на-Майне. Менавіта з гэтых гарадоў у 1941—42 гадах у лагер сьмерці Трасьцянец былі дэпартаваныя тысячы людзей. У сваю чаргу нямецкі фонд "Бітэ" абавязаўся падвоіць суму, якую зьбяруць гарады. Такім чынам, на рахунку цэнтру ўжо 300 тыс. эўра.

Чарговыя 200 тыс. эўра, адзначыў Балакіраў, гатовы перадаць Народны зьвяз Нямеччыны па доглядзе ваенных пахаваньняў. Дортмундзкі МАЦ плянуе папрасіць Міністэрства замежных спраў Нямеччыны выдзеліць астатнюю суму ў 500 тыс. эўра.

Дырэктар Менскага МАЦ падкрэсьліў, што нямецкі бок мае намер узяць удзел у фінансаваньні сумеснага праекту мемарыяльнага комплексу на месцы былога лягеру сьмерці Трасьцянец. Існуюць два незалежныя праекты мэмарыялізацыі тэрыторыі гэтага гістарычнага месца. Першы прадугледжвае стварэньне комплексу непасрэдна на тэрыторыі былога лягеру сьмерці. Другі прадугледжвае стварэньне мэмарыялу ва ўрочышчы Благоўшчына блізу Трасьцянца.

эб/ БелаПАН

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт