Logo Polskiego Radia
Print

Касацыйная скарга на забарону "Асьвечаныx беларушчынай"

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 31.03.2014 14:08
У Гарадзенскім абласным судзе разглядаецца касацыйная скарга на забарону кнігі Бяляцкага "Асьвечаныя беларушчынай"
Tatyana Zenkovich/EPA


У Гарадзенскім абласным судзе 31 сакавіка пачаўся разгляд касацыйнай скаргі праваабаронцы Тацяны Равякі на рашэньне суду Ашмянскага раёну, які прызнаў кнігу Алеся Бяляцкага "Асьвечаныя беларушчынай" забароненай для ўвозу ў Беларусь.

Нагадаем, у пачатку ліпеня 2013 года ў пункце пропуску "Каменны Лог" мытнікі канфіскавалі 40 асобнікаў кнігі віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага ўладамі цэнтру "Вясна", палітзьняволенага Алеся Бяляцкага "Асьвечаныя Беларушчынай". Па даручэньні Ашмянскай мытні былі праведзеныя дзьве экспэртызы кнігі, па выніках якіх кнігу ўнесьлі ў сьпіс літаратуры, забароненай да ўвозу і распаўсюджваньня на тэрыторыі Беларусі.

Дзеяньні мытні Тацяна Равяка абскардзіла спачатку ў суд Ашмянскага раёна. 11 лютага судзьдзя Ашмянскага суду Тацьцяна Емельяновіч прызнала працэдуру правядзеньня абедзьвюх экспэртыз кнігі незаконнай, аднак "на падставе ўнутранага перакананьня" прыняла рашэньне, згодна зь якім кнігі Бяляцкага павінны быць вывезеныя зь Беларусі, бо наносяць урон палітычным інтарэсам краіны.

У сваёй паўторнай скарзе у Гродзенскі аблсуд Тацяна Равяка акцэнтуе ўвагу на тым, што забарона кнігі Алеся Бяляцкага зьяўляецца цэнзурай навуковай думкі. "Тут ідзе гаворка ня толькі аб працэдурах, якія былі парушаныя, тут ўжо ідзе гаворка аб цэнзуры меркаваньня", — перакананая праваабаронца.

БелаПАН/эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт