Logo Polskiego Radia
Print

Стане больш фотарадараў

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 11.07.2014 14:24
Да канца лета фотакамэраў на аўтадарогах стане больш.
Foto: Cezary Piwowarski/wikipedia.org


Сродкі аўтаматычнай фотафіксацыі хуткасьці дзейнічаюць на аўтамабільных дарогах Беларусі з 5 ліпеня 2012 году.

Сёньня 118 стацыянарных камэр і 10 мабільных (пераносных) датчыкаў пакрываюць асноўныя транспартныя артэрыі рэспублікі. Як паведаміла старэйшы інспэктар ДАІ МУС Ганна Банадык, да канца гэтага лета колькасьць фотарадараў плянуецца павялічыць да 200.

Асноўная мэта працы камэраў - прафіляктыка парушэньняў хуткасных рэжымаў руху ў месцах падвышанай рызыкі ДТЗ. Таму месца ўстаноўкі сродкаў фотафіксацыі ніколі не замоўчваюцца - наадварот, анансуюцца ў СМІ. Пастаянна абнаўляецца інтэрнэт-сэрвіс, дзе на мапе Беларусі пазначаныя месцы разьмяшчэньня стацыянарных датчыкаў кантролю хуткасьці (http://speed-control.by/index.php/ru/equipment-ru).

Аб правядзеньні кантролю хуткасьці з дапамогай радараў аўтамабілістаў папярэджваюць жоўтыя таблічкі «Радар. Фотакантроль». Па аналёгіі з правіламі разьмяшчэньня папераджальных дарожных знакаў, іх усталёўваюць да месца разьмяшчэньня камэры на адлегласьці ад 150 да 300 м па-за населенымі пунктамі і ад 50 да 100 м у населеных пунктах.

Усё гэта робіцца для таго, каб своечасова інфармаваць кіроўцу. Тым ня менш, штомесяц камэры аўтаматычнай фіксацыі хуткасьці рэгіструюць каля 55 тысяч парушэньняў, за якія кіроўцаў прыцягваюць да адказнасьці.

Нагадаем, калі парушальнік перавысіў хуткасьць на 10-20 км/г, яму выпісваецца штраф - 0,5 базавай велічыні (цяпер адна базавая велічыня складае 150 тыс руб.); пры перавышэньні хуткасьці на 20-30 км/г штраф складае 1 базавую велічыню; калі кіроўца разагнаўся на 30 км/г звыш дапушчальнага, штраф - тры базавыя велічыні. У выпадку паўторнага парушэньня на працягу году больш за 20 км/г - штраф у памеры 750 тыс. руб. Пры гэтым уся інфармацыя аб «подзьвігах» кожнага кіроўцы захоўваецца ў адзінай базе ДАІ.

З-за парушэньняў хуткаснага рэжыму штогод на тэрыторыі краіны здараецца больш за 20% усіх ДТЗ, якія зьдзяйсьняюцца па віне кіроўцаў. За 6 месяцаў бягучага году перавышэньне хуткасьці стала непасрэднай прычынай 218 ДТЗ, у якіх загінулі і пацярпелі людзі.

эб/minsknews.by

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт