Беларуская армія знайшла згублены беспілётнік
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
08.08.2014 15:56
У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі пра тое, што знайшлі беспілётны лятальны апарат (БЛА), які згубіўся ў Бярозаўскім раёне.
foto: wikipedia
У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі пра тое, што знайшлі беспілётны лятальны апарат (БЛА), які згубіўся ў Бярозаўскім раёне й пацьвердзілі наяўнасьць “усіх беспілётных лятальных апаратаў, якія знаходзяцца ва Ўзброеных сілах”.
Беспілётны лятальны апарат 927-га цэнтра падрыхтоўкі й прымяненьня беспілётных авіяцыйных комплексаў ВПС і войскаў СПА Беларусі ў Бярозе быў згублены пры правядзеньні палётаў ўвечары 10 ліпеня.
Аб'яву аб гэтым з фатаграфіяй апарата й абяцаньнем ўзнагароды таму, хто знойдзе, надрукавалі ў раённай газэце «Маяк» 16 ліпеня.
Мяркуючы па фатаграфіі, ваенныя згубілі БЛА «Іркут-3». Яго ўзьлётная вага — 3 кг, даўжыня — 0,9 м, размах крылаў — 2 м.
Не выключалася, што пасьля таго, як кіраваньне над апаратам было страчана, ён упаў, і тады яго мог прысвоіць хто-небудзь з мясцовых жыхароў.
Аднак згублены «беспілётнік знайшлі й прынесьлі», як зазначылі ў Мінабароны.
Летам 2010 года 927-я зьнішчальная авіяцыйная база была рэфармавана ў 927-ы цэнтар падрыхтоўкі й прымяненьня беспілётных авіяцыйных комплексаў. У 2011 годзе на ўзбраеньне цэнтра паступілі БЛА расейскай вытворчасьці «Іркут-3» і «Іркут-10».
белапан/вс