Logo Polskiego Radia
Print

“О, Балонь!’’ нарэшце атрымала адказ зь Міністэрства адукацыі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 07.10.2014 15:17
Зь яго вынікае, што рашэньне наконт далучэньня Беларусі да Балёнскага працэсу прынята і больш амяркоўвацца ня будзе.

Больш чым праз тры месяцы прадстаўнікі кампаніі “О, Балонь!’’ нарэшце атрымалі адказ зь Міністэрства адукацыі

Зь яго вынікае, што рашэньне наконт далучэньня Беларусі да Балёнскага працэсу прынята і больш амяркоўвацца ня будзе. Але ў чым сутнасьць рашэньня, з адказу засталося невядомым: чыноўнікі зь міністэрства раяць зьвяртацца па гэтым пытаньні да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

“Нам далі зразумець, што Міністэрства адукацыі ня будзе больш рабіць ніякіх захадаў, якія тычацца і пытаньняў студэнцкага самакіраваньня, і далучэньня Беларусі да Балёнскага працэсу, - кажа каардынатар кампаніі “О, Балонь!’’ Уладзімір Красько.

Нагадаем, што актывісты кампаніі “О, Балонь!’’ накіравалі ў Міністэрства адукацыі амаль тысячу подпісаў пад адпаведным зваротам яшчэ напачатку ліпеня. У гэтым звароце брэсцкія студэнты заклікалі беларускія ўлады спрыяць уступленьню краіны ў Балёнскі працэс. Сярод патрабаваньняў таксама ўзгадваліся магчымасьць абіраць рэктара калегіяльным шляхам і непасрэдны ўдзел студэнтаў у кіраваньні сваёй навучальнай установай. Агучаныя зьмены ў сыстэме вышэйшай адукацыі зьяўляюцца ўмовамі для далучэньня Беларусі ў 2015 годзе да Балёнскага працэсу.

Пасьля таго, як зварот быў накіраваны ў Міністэрства адукацыі, зьявіліся зьвесткі, што на студэнтаў, якія паставілі свае подпісы, пачаўся ціск з боку адміністрацыі вышэйшых навучальных устаноў Брэста.

яс/spring96.org

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт