Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь плянуе прадаваць свой хлеб у Ізраіль і ЗША

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 13.11.2014 15:26
Беларускія прадпрыемствы асвоілі тэхналёгію вытворчасьці замарожаных хлебабулачных вырабаў.

/

Беларусь можа пачаць экспарт хлеба ў Ізраіль і ЗША, пра гэта сказала начальнік аддзела мукамольнай, крупяной, хлебапякарнай і макароннай прамысловасьці Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня Ірына Баранцэвіч.
«Нашы прадпрыемствы асвоілі тэхналёгію вытворчасьці замарожаных вырабаў, — адзначыла спэцыяліст. — Гэта вельмі працазатратная й энэргаёмістая вытворчасьць, ад якой многія ўжо адышлі».
Паводле слоў Ірыны Баранцэвіч, цяпер прадпрыемствы Мінсельгасхарча актыўна экспартуюць замарожаны хлеб. У прыватнасьці, гэтай прадукцыяй ужо зацікавіліся Ізраіль і Амэрыка.
«У кастрычніку бягучага года адно з магілёўскіх прадпрыемстваў ажыцьцявіла пробную пастаўку замарожанага хлеба ў ЗША. Цяпер рыхтуецца партыя для Ізраіля».
Пры гэтым асноўная маса хлебабулачных вырабаў, паводле яе слоў, усё ж такі экспартуецца ў прылеглыя раёны Расейскай Фэдэрацыі. Так, за 9 месяцаў бягучага года ўсходняй суседцы пастаўлена 4,5 тыс. т замарожанага хлеба больш як на 6,7 млн. даляраў ЗША.
«Нашы хлябы натуральныя, яны маюць даволі вялікія тэрміны прыдатнасьці, таму ня дзіўна, што іх хочуць бачыць у тым ліку і ў такіх краінах, як Амэрыка», — зазначыла Ірына Баранцэвіч.


белта/вс


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт