Logo Polskiego Radia
Print

Васіль Палякоў накіраваў заяву кіраўніцтву ДМК

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 03.01.2015 12:51
Палякоў: „Пільныя асабістыя дагляды на мытні – дыскрымінацыя па палітычных матывах”.

2 студзеня намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў накіраваў заяву старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта, у якой просіць правесьці службовую праверку й даць прававую ацэнку дзеяньням службовых асоб Ашмянскай мытні, а таксама паведаміць – якія ў мытнікаў былі падставы для правядзеньня асабістага дагляду.

Нагадаем, 28 сьнежня пры перасячэньні дзяржаўнай мяжы на цягніку „Вільня-Менск” у мытным пункце „Гудагай” Васіль Палякоў быў падвергнуты пільнаму дагляду. Яму прапанавалі нават зьняць вопратку й абутак. Як вынікае з Акта аб правядзеньні асабістага мытнага дагляду, ён быў праведзены згодна з артыкула 117 Мытнага кодэксу Мытнага саюзу й на падставе рашэньня начальніка Ашмянскай мытні.

Як патлумачыў праваабаронца Леанід Судаленка, згодна з артыкулам 117 Мытнага кодэкса Мытнага саюзу асабісты мытны дагляд зьяўляецца выключнай формай мытнага кантролю, які праводзіцца па пісьмоваму рашэньню кіраўніка (начальніка) мытнага органа, упаўнаважанага ім намесьніка кіраўніка, пры наяўнасьці дастатковых падстаў меркаваць, што фізычная асоба хавае пры сабе й добраахвотна не выдае тавары, што перамяшчаюцца з парушэньнем мытнага заканадаўства Мытнага саюзу.

Раней, а менавіта 4 сьнежня, аналягічная сытуацыя ўзьнікла ў Васіля Палякова ў Нацыянальным аэрапорце „Менск”, калі супрацоўнікі пагранічнага камітэту з выкарыстаньнем супрацоўнікаў мытнага камітэту правялі ў дачыненьні да яго асабісты мытны дагляд.

„Такім чынам, наяўныя ў маім распараджэньні доказы й факты адназначна сьведчаць аб тым, што мае асабістыя дадзеныя ўнесены ў так званыя „спісы па даручэньні праваахоўных органаў”, існаваньне якіх на дзяржаўнай мяжы не ўрэгулявана ні адным нарматыўна прававым актам, а супрацоўнікі мытнага камітэту, знаходзячыся ў залежнасьці ад супрацоўнікаў памежнага камітэту, праводзяць у дачыненьні да мяне без наяўнасьці на тое дастатковых падстаў выключную форму мытнага кантролю”, - адзначыў у заяве намесьнік старшыні АГП.

Калі кіраўніцтва ДМК не адрэагуе належным чынам на заяву, палітык мае намер зьвярнуцца ў суд.

spring96.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт