Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі плянуюць увесьці збор з дармаедаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 14.01.2015 11:11
За ўхіленьне ад збору прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць.

Праектам дэкрэта аб стымуляваньні занятасьці прапануецца абавязаць працаздольных грамадзян, якія ня ўдзельнічаюць у фінансаваньні дзяржаўных расходаў, выплачваць аднаразовы збор.

Адпаведны дакумэнт абмяркоўваўся 13 студзеня на нарадзе ў прэзыдэнта Беларусі. „Кіраўнік дзяржавы даручыў, каб дакумэнт быў вычарпальны й паўнацэнны для прымяненьня без усялякіх адсылачных норм”, - расказаў журналістам намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Валеры Міцкевіч.

Як стала вядома, праектам дакумэнта прапануецца мэханізм, у адпаведнасьці зь якім працаздольныя грамадзяне, якія на працягу больш як паўгода не выплачвалі падаткаў і, адпаведна, не прымалі ўдзелу ў фінансаваньні дзяржрасходаў, будуць абавязаныя раз у год выплачваць аднаразовы збор.

На гэты час прапануецца спаганяць яго ў памеры 20 базавых велічынь. За ўхіленьне, несвоечасовую або няпоўную выплату збору будзе прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць. Адначасова будзе вызначаны шэраг катэгорый грамадзян, якіх вызваляць ад выплаты збору, напрыклад, непрацаздольных або тых, хто займаецца выхаваньнем дзяцей.

Пры гэтым размова ідзе аб тым, што адпаведны збор ня будзе зьяўляцца нейкай легалізацыяй, напрыклад, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, калі чалавек працуе, але не выплачвае падаткаў. У выпадку выяўленьня такіх фактаў у адносінах да вінаватых будуць прымацца меры, прадугледжаныя дзеючым заканадаўствам.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт