Гуджэроці заклапочаны нападкамі на ксяндзоў у Беларусі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
31.01.2015 11:00
Незадаволенасьць замежнымі ксяндзамі ў Беларусі выказалі Гуляка й сам Лукашэнка.
Foto: mfa.gov.by
Апостальскі нунцый сустрэўся зь кіраўніком МЗС Беларусі. Клаўдыё Гуджэроці паведаміў Уладзіміру Макею пра заклапочанасць у сувязі з магчымымі інтэрпрэтацыямі нядаўніх выступаў, якія тычацца Рымскакаталіцкагa касьцёлу ў Беларусі, паведамілі ў прэс-службе зьнешнепалітычнага ведамства.
У гэтым кантэксьце Гуджэроці „акцэнтаваў велізарную працу, якая праводзіцца Рымаскакаталіцкім касьцёлам у Беларусі агулам, і ў сфэры падрыхтоўкі нацыянальных кадраў каталіцкіх сьвятароў у прыватнасьці”, - паінфармавалі ў МЗС.
У сваю чаргу Макей адзначыў зацікаўленасьць беларускага боку ў забесьпячэньні Беларусі менавіта нацыянальнымі кадрамі каталіцкіх сьвятароў, прадоўжылі ў міністэрстве.
„У гэтым кантэксьце кіраўнік МЗС Беларусі вітаў зьніжэньне колькасьці замежнікаў сярод каталіцкіх сьвятароў, якое назіраецца, а таксама прызначэньне Папам рымскім у канцы 2013 году трох новых біскупаў беларускага паходжаньня”, - паведамілі ў ведамстве.
Раней каталіцкія біскупы Беларусі на пазачарговым пленарным паседжаньні 30 студзеня абмеркавалі агучаныя апошнім часам абвінавачваньні на адрас польскіх сьвятароў, якія служаць у Беларусі, а таксама абвінавачваньні ў незацікаўленасьці кіраўніцтва Каталіцкага касьцёла ў падрыхтоўцы сваіх сьвятароў.
„Мы, як і вернікі-каталікі, з глыбокай заклапочанасьцю ўспрымаем гэтыя абвінавачваньні, якія ўважаем неабгрунтаванай абразай Каталіцкага касьцёла й распальваньнем міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці”, - падкрэсьліваецца ў заяве.
На мінулым тыдні ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Беларусі Леанід Гуляка заявіў, што некаторыя ксяндзы-замежнікі, у асноўным з Польшчы, спрабуюць займацца ў Беларусі палітыкай: яны крытыкуюць Беларусь, яе законы й кіраўніцтва краіны.
29 студзеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што некаторыя каталіцкія сьвятары з Польшчы займаюцца на тэрыторыі Беларусі „ня тымі рэчамі”.
charter97.org/аз