Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі ня будзе перагледжаны артыкул, які забараняе сваякам пахаваць целы расстраляных

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 09.02.2015 15:16
Гэтага спрабавала дамагчыся маці пакаранага сьмерцю гамельчука Аляксандра Грунова.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў адміністрацыі Прэзыдэнта Станіслаў Бука адмовіў маці пакаранага сьмерцю гамельчука Аляксандра Грунова ініцыяваць перад Канстытуцыйным судом пытаньне аб зьмене заканадаўства, якое забараняе сваякам пахаваць целы расстраляных. Аналягічную адмову Вольга Грунова атрымала й з апарату Савета Міністраў.

Нагадаем, Вольга Грунова зьвярнулася да Прэзыдэнта, у абедзьве палаты Парлямэнта, Вярхоўны суд і Урад каб ініцыяваць перад Канстытуцыйным судом пытаньне аб неканстытуцыйнасьці Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які забараняе выдаваць целы расстраляных і паведамляць аб месцах іх пахаваньня.

“Усталяванае артыкулам 175 крымінальна-выканаўчага кодэкса абмежаваньне абумоўлена неабходнасьцю забесьпячэньня грамадзкага парадку і абароны маральнасьці, паколькі інфармацыя пра месца пахаваньня асуджанага можа ў тым ліку справакаваць негатыўныя паводзіны з боку родных і блізкіх пацярпелых ад злачынства і іншых асоб, а таксама пацягнуць іншыя эксцэсы”, - лічаць у прэзыдэнскай адміністрацыі.

Адначасова жанчына атрымала адмощны адказ і з апарату Савета Міністраў.

Вольга Грунова заяўляе, што практыка, якая склалася ў Беларусі вакол прывядзеньня ў выкананьне сьмяротных прысудаў і адмова паведаміць пра месца пахаваньня роднага сына прычыніла і працягвае прычыняць ёй душэўныя пакуты і псіхічны стрэс.

Маці Аляксандра Грунова разам з праваабаронцамі дамагаецца даведацца месца пахаваньня сына праз суды, якія таксама адмовілі распачаць справу па яе скарзе. Пасьля вычарпаньня ўсіх унутраных сродкаў прававой абароны Вольга Грунова мае намер зьвярнуцца са скаргаю ў Камітэт па правах чалавека ААН.

яс/spring96.org

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт