Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody's зьнізіла сувэрэнны рэйтынг эмітэнта й рэйтынг незабясьпечанага доўгу Беларусі да "Caa1" з "B3". Як паведамляецца ў прэс-рэлізе агенцтва, прагноз - "нэгатыўны".
Такім чынам, Moody's завершыла перагляд рэйтынгаў краіны з магчымасьцю зьніжэньня, які быў пачаты 23 лютага гэтага года.
Акрамя таго, агенцтва пагоршыла рэйтынгавую мяжу валютнага доўгу Беларусі, мяжу рэйтынгаў абавязацельстваў і дэпазытаў у нацыянальнай валюце й дэпазытаў у замежнай валюце.
"Нэгатыўны прагноз адлюстроўвае меркаваньне Moody's, што пазыцыя Беларусі па зьнешніх плацяжах, верагодна, працягне пагаршацца, што ў сваю чаргу можа істотна аслабіць здольнасьць краіны абслугоўваць свае даўгавыя абавязацельствы ў замежнай валюце пасьля 2015 года", - гаворыцца ў прэс-рэлізе Moody's.
Выплаты Беларусі па валютных абавязацельствах у 2015 годзе складуць каля $ 4 млрд, у наступным годзе - $ 3,1 млрд, у 2017 годзе - $ 2,8 млрд, у 2018 годзе - $ 3 млрд. Нават калі краіна справіцца з абслугоўваньнем доўгу ў гэтым годзе, базавая слабасьць пазыцыі Беларусі па зьнешніх плацяжах захаваецца, адзначаецца ў паведамленьні агенцтва.
Таксама Moody's адзначае пагаршэньне перспэктыў атрыманьня Беларусьсю зьнешняй фінансавай дапамогі.
Па прагнозах агенцтва, рэальны ВУП Беларусі ў 2015 годзе скароціцца на 2,3% і на 0,1% у наступным годзе пасьля павышэньня на 1,6% па выніках 2014 года. Асноўнай прычынай чаканага зьніжэньня эканомікі зьяўляецца моцнае падзеньне экспарту ў Расею, якое ў студзені-лютым склала амаль 40% адносна таго ж пэрыяду мінулага года.
Па дадзеных агенцтва, у 2013 годзе на долю Расеі прыйшлося 45% беларускага экспарту, а таксама 39% прамых замежных інвэстыцый у эканоміку Беларусі. Moody's чакае падзеньня рэальнага ВУП Расеі ў гэтым годзе на 5,5%, у 2016 годзе - на 3%.
Інтэрфакс/ав