Logo Polskiego Radia
Print

Выстава прац брытанскіх майстроў XVIII-XIX ст. у Менску

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 28.04.2015 13:32
Больш за 30 твораў брытанскіх майстроў XVIII-XIX стагодзьдзяў будуць прадстаўленыя ў Менску.

/

Больш за 30 твораў брытанскіх майстроў XVIII-XIX стагодзьдзяў будуць экспанавацца на выставе "Сустрэча з Брытаніяй. Ангельскае мастацтва XVIII-XIX стагодзьдзяў", якая пройдзе ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі з 15 траўня па 13 ліпеня.

Экспазыцыю складуць працы брытанскіх майстроў пэрыяду фармаваньня і найвышэйшага росквіту нацыянальнай ангельскай мастацкай школы. Яе заснавальнікам і найбуйнейшай фігурай брытанскага мастацтва першай паловы і сярэдзіны XVIII стагодзьдзя зьяўляецца Уільям Хогарт (1697-1764), чый сьмелы рэалізм аказаў уплыў на многія стылістычныя зьявы наступнага часу. У ангельскім мастацтве XVIII стагодзьдзя бясспрэчнае першынство належыць жанру партрэта. У XIX стагодзьдзі Англія становіцца радзімай новага эўрапейскага пэйзажу - адэкватнага чалавечаму бачаньню адлюстраваньня прыроды, над стварэньнем якога працуюць у першай чвэрці стагодзьдзя мастакі і іншых эўрапейскіх мастацкіх школ. Тады ж расквітае такі фэномэн заходнеэўрапейскага ляндшафтнага мастацтва, як ангельскі нерэгулярны парк.

Выстава "Сустрэча з Брытаніяй. Ангельскае мастацтва XVIII-XIX стагодзьдзяў" арганізаваная Нацыянальным мастацкім музэем Беларусі і пасольствам Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі ў Рэспубліцы Беларусь сумесна зь Дзяржаўнай мастацкай калекцыяй Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі і Нацыянальным гістарычным музэем Беларусі.

БЕЛТА/ эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт