Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь падала ў польскі суд на "Белсат"

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 20.05.2015 14:30
Вярхоўны суд дамагаецца, каб Польшча забараніла «Белсату» выкарыстоўваць свой лягатып.

Беларускія судзьдзі хочуць, каб польскі суд прызнаў іх вырак, згодна зь якім «Белсат» парушае правы менскага прадпрымальніка. Кіраўніцтва каналу лічыць вырак палітычна матываваным.

Акружны суд у Варшаве атрымаў вырак беларускага Вярхоўнага суда, які тычацца забароны ўжываньня таварнага знаку «Белсату». Абапіраючыся на палажэньні Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу гаспадарчы аддзел раённага суда ў Варшаве можа надаць сілу прысуду й забараніць «Белсату» выкарыстоўваць свой таварны знак на тэрыторыі Беларусі. Перад прыняцьцем свайго рашэньня суд у Варшаве папрасіў тэлебачанне TVP, часткай якога зьяўляецца «Белсат», прадставіць сваю пазыцыю.

У верасьні 2014 году Вярхоўны суд Беларусі задаволіў пазоў Андрэя Белякова й забараніў тэлеканалу выкарыстоўваць назву, гандлёвы знак «Белсат ТВ» пры трансьляцыі на тэрыторыю Беларусі й на інтэрнэт-старонцы.

З пазовам супраць «Белсату» выступіў Андрэй Белякоў з фірмы «БЕЛСАТплюс». Ён патрабаваў забароны выкарыстаньня таварнага знаку «Белсат ТВ» нібыта праз тое, што людзі асацыююць таварны знак ягонага прадпрыемства з тэлеканалам «Белсат».

«Людзі асацыююць нас з тэлеканалам, прыходзяць, як да карэспандэнтаў са сваёй бядою, прапановамі. Гэта перашкаджае нам працаваць», – заявіў бізнэсовец.
Справу супраць «Белсату» ў Вярхоўным судзе разглядалі два разы. Першы раз прэтэнзіі Белякова адкінулі. У другі раз гэтае рашэньне перагледзелі, такім чынам, каб не было магчымасьцяў абскардзіць канчатковы вырак.

Паводле дырэктаркі каналу Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, ажыцьцявіць забарону на выкарыстаньне лягатыпу «Белсат» наўрад ці магчыма, бо знак зарэгістраваны на тэрыторыі Польшчы ды Эўразвязу. Такім чынам, назву можна выкарыстоўваць у інтэрнэце і ў праграмах на спадарожніку. На ейную думку, суд супраць «Белсату» – палітычна матываваны.

БАЖ/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт