Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь і Латвія спросьцяць малы памежны рух

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 23.05.2015 10:55
Зьмены павінны значна аблегчаць парадак паездак жыхароў памежжа ў Латвію й Беларусь.
Wikipedia/Julo

Беларусь і Латвія яшчэ больш спросьцяць малы памежны рух. Аб гэтым у Рызе паведаміў журналістам міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей.

Міністар растлумачыў, што ў Рызе падпісаны пратакол да ўжо дзеючага беларуска-латвійскага пагадненьня аб малым памежным руху. Уладзімір Макей лічыць, што гэта пагадненьне пасьпяхова працуе. Пры гэтым бакі, зыходзячы з практыкі рэалізацыі дакумэнта, убачылі слабыя месцы й апэратыўна падрыхтавалі пратакол.

„Гэты пратакол яшчэ больш аблегчыць перамяшчэньне грамадзян, якія жывуць на памежных тэрыторыях у абодвух напрамках. Намнога хутчэй будзе магчыма атрымаць адпаведны дазвол на наведваньне”, - сказаў Уладзімір Макей.

Як паведамілі ў сувязі з гэтым у Міністэрстве замежных спраў Латвіі: „Дакумэнт прадугледжвае, што ў далейшым жыхары памежжа вызваляюцца ад патрабаваньня рэгістравацца ў органах мясцовага самакіраваньня для атрыманьня дазволу на памежны рух. У праязных дакумэнтах ня будуць ставіцца адзнакі аб перасячэньні граніцы, а таксама будзе адменена патрабаваньне аб рэгістрацыі пры знаходжаньні на памежных тэрыторыях другога боку. Такім чынам, папраўкі да пагадненьня значна аблегчаць парадак паездак і знаходжаньня жыхароў памежных тэрыторый Латвіі й Беларусі”.

Акрамя таго, Уладзімір Макей адзначыў, што ў Рызе беларускім бокам падпісана пагадненьне аб раньнім папярэджаньні тэхнагенных катастроф.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт