Мікалай Дзядок нанёс сабе раны жывата й рук
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        27.05.2015 14:54
                    
                                 
                
                
                    За два тыдні ў калёніі палітвязень атрымаў чатыры спагнаньні й двойчы патрапіў у ШІЗА. 
                
                
                    
                         
                     
                
                
                
               
                
                          Як паведаміла праваабаронцам „Вясны” жонка палітзьняволенага Валерыя Хоціна, Мікалая Дзядка 12 траўня перавялі ў новае месца адбыцьця пакараньня - у калёнію  ПК-9 у Горках. А ўжо на другі дзень, 13 траўня ён быў зьмешчаны ў штрафны ізалятар, дзе правёў 5 сутак. Літаральна праз дзень, 19 траўня, яго зноў адправілі ў адзіночку штрафнога ізалятара. З-за вельмі нізкай тэмпэратуры Дзядок вельмі пакутаваў усю ноч, прасіўся ад пераводзе ў іншае памяшканьне.
Урэшце рэшт, каб зьвярнуць увагу дзяжурных па ШІЗА, раніцай 20 траўня Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата й рук, пасьля чаго быў зьмешчаны ў мэдсанчастку. Пасьля аказаньня першай мэдычнай дапамогі, Дзядка ізноў накіравалі ў тое ж халоднае памяшканьне ШІЗА, дзе ён знаходзіўся да 26 траўня. Па словах Валерыі Хоцінай, агулам Дзядок атрымаў за гэты непрацяглы час 4 спагнаньні. 
Мікалай Дзядок адбыў 4,5 гады зьняволеньня за нібыта хуліганскія дзеяньні ў дачыненьні да афіцыйных будынкаў і павінен быў выйсьці на волю 3 сакавіка 2015 году. Аднак 26 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў палітвязьня па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса „злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі” да 1 году зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. 30 красавіка суд касацыйнай інстанцыі пакінуў гэты прысуд у сіле.
spring96.org/аз