Logo Polskiego Radia
Print

Беларускі тыдзень пройдзе ў Парыжы

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 24.06.2015 09:00
Парыжан чакае мноства выставаў, сустрэч, канцэртаў і спэктакляў.

Беларускі тыдзень пройдзе ў Парыжы з 24 чэрвеня па 1 ліпеня. Ён праводзіцца пасольствам Беларусі ў Францыі й пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЭСКА.

Галоўнай падзеяй Беларускага тыдня стане тэатралізаваны паказ у штаб-кватэры ЮНЕСКА, прысьвечаны 250-годзьдзю з дня нараджэньня кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага.

25 чэрвеня пройдзе памятны вечар і выстаўка, прысьвечаныя князю Пятру Вітгенштэйну - аднаму зь гістарычных уладальнікаў Мірскага замка. Для гэтага музэй "Замкавы комплекс "Мір" прывязе ў Парыж унікальную калекцыю фатаграфій, зьвязаных зь Пятром Вітгенштэйнам, многія зь якіх захоўваюцца ў прыватных калекцыях і будуць прадстаўлены шырокай публіцы ўпершыню.

26 і 27 чэрвеня ў Парыжы пройдзе адно з самых старажытных беларускіх сьвят - Купальле. На мерапрыемстве выступяць ансамбаль беларускай народнай песьні "Церніца" й беларускі музыкант, саліст, які пражывае ў Парыжы, Аляксандар Меркуль.

Завяршальным акордам Беларускага тыдня стане правядзеньне 1 ліпеня сумесна з францускай асацыяцыяй "Заўтра вясна" спэктакля з удзелам францускіх студэнтаў і артыстаў, якія вывучалі акторскае майстэрства ў Беларусі.

Белта/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт