Кіраўнік БТ парушыў Выбарчы кодэкс
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
16.09.2015 16:30
Ён вёў палітычную праграму, будучы даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты.
photo: svaboda.org
Кіраўніка БТ абвінавацілі ў парушэньні Выбарчага кодэксу
Ён вёў палітычную праграму, будучы даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты.
Генадзь Давыдзька, які стаў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты А.Лукашэнкі, ня меў права весьці праграму, дзе абмяркоўваліся выбары.
Па словах старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, кіраўнік БТ ня меў права выступаць ў праграме “Клуб рэдактараў” у якасьці аўтара й вядучага.
“Журналістам, службовым асобам сродкаў масавай інфармацыі забараняецца весьці тэле- і радыёпраграмы, удзельнічаць у асьвятленьні выбараў праз сродкі масавай інфармацыі, калі названыя асобы зьяўляюцца кандыдатамі ў прэзыдэнты альбо іх даверанымі асобамі”, — напісаў Андрэй Бастунец.
Кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў інэрв’ю Еўрарадыё сказаў, што ніякіх парушэньняў не было.
Давыдзька: “Праграма была ў запісе. Калі яна запісвалася, то ў мяне яшчэ мандата на руках не было – дакумэнта, пасьведчаньня і ўсё такое”.
Нагадаем, у апошнім выпуску праграмы “Клуб рэдактараў” абмяркоўваўліся ня толькі тое, як праходзяць выбары, але й асобы кандыдатаў ды іх праграмы. Прычым, казалі пераважна пра сапернікаў дзеючага кіраўніка краіны, даверанай асобай якога і зьяўляецца Давыдзька.
euroradio.fm/яс