Logo Polskiego Radia
Print

У ЭАЭЗ не ўвядуць падатак на пасылкі з замежных інтэрнэт-крам

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 03.12.2015 16:23
Усё ж некаторыя краіны падумваюць зрабіць гэта на нацыянальным узроўні.
pixabay.com

Савет Эўразійскай эканамічнай камісіі (ЭЭК) перанёс разгляд пытаньня аб падатках на пасылкі з замежных інтэрнэт-крам, паведамляюць «Известия». Пры гэтым тэрмін паўторнага абмеркаваньня гэтага пытаньня не анансуецца.

У канцы лістапада ЭЭК перанесла разгляд магчымага абмежаваньня бяспошліннага інтэрнэт-гандлю на 2 сьнежня. Аднак на ўчорашнім пасяджэньні камісіі пытаньне пра пошліны на інтэрнэт-куплі не разглядалася. Прэзыдэнт Нацыянальнай асацыяцыі электроннай гандлю Расеі Аляксандар Іваноў лічыць, што ў бліжэйшы час ніякіх рашэньняў па гэтым пытаньні прымацца ня будзе.

Тым часам некаторыя краіны ЭАЭЗ падумваюць на нацыянальным узроўні зьнізіць парог бяспошліннага інтэрнэт-гандлю. Для гэтага не абавязкова згода ўсіх чальцоў арганізацыі.

У Беларусі неаднаразова заяўлялі пра намер увесьці падатак на пасылкі з замежных інтэрнэт-крамаў. Прапаноўвалася яго спаганяць пры аплаце пакупак па картцы, але банкі растлумачылі, што тэхнічнай магчымасьці гэта зрабіць няма.

Цяпер беларусы могуць бяспошлінна атрымліваць з-за мяжы пасылкі для асабістага карыстаньня на суму ня больш за 200 эўра ў месяц (незалежна ад колькасьці пакупак). Калі ліміт перавышаны, то давядзецца заплаціць 30% з сумы перавышэньня.

tut.by/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт