Logo Polskiego Radia
Print

За падпальваньне ўласных рук - 20 базавых

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 30.12.2015 15:35
Рэжысёр Міхаіл Каўко правёў адзіночны пікет – ён апрануў спэцыяльныя пальчаткі з гаручым рэчывам і падпаліў іх.
Міхаіл Каўко/Фота: EFE/EPA/Тацьцяна Зянковіч

Рэжысёр Міхаіл Каўко, які праводзіў пэрформанс каля менскай ратушы з падпальваньнем рук, аштрафаваны за «несанкцыянаванае мерапрыемства».
Адміністрацыйную справу 30 сьнежня разгледзела судзьдзя суду Цэнтральнага раёна Менску Вікторыя Шабуня. Як паведамляюць праваабаронцы, Каўко атрымаў штраф у 20 базавых велічынь.

25 сьнежня на пляцоўцы каля Ратушы, дзе ў гэты час праходзіла сьвяточнае каляднае мерапрыемства, Міхаіл Каўко правёў адзіночны пікет – ён апрануў спэцыяльныя пальчаткі з гаручым рэчывам і падпаліў іх.

Такім чынам малады чалавек хацеў прыцягнуць увагу да праблем глуханямых. Ён паведаміў, што Беларускае таварыства глухіх прапанавала гарадзкім уладам стварыць спэцыяльны кол-цэнтар з перакладчыкамі, каб можна было прымаць паведамленьні па скайпе, але Менгарвыканкам адмовіўся фінансаваць гэты праект. У адказ ім прапанавана набываць бранзалеты з кнопкай выкліку коштам ад 1,5 млн. да 2 млн. рублёў.

На працягу 24-27 сьнежня студэнты тэатральнай лябараторыі Fortinbras пры беларускім Свабодным тэатры разам з інвалідамі-калясачнікамі правялі цэлы шэраг мастацкіх акцый, блякавалі рух транспарту на інвалідных калясках, ладзілі «гонкі» калясачнікаў, апраналі маскі і спрабавалі прайсьці па горадзе ўсьляпую, трансьлявалі на сьцены на будынкаў фатаграфіі з праекту «Камін-аўт».

БелаПАН/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт