Logo Polskiego Radia
Print

Прыватныя мэдцэнтры з 1 лютага могуць выдаваць бальнічныя

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 01.02.2016 17:07
Аднак перад прыёмам рэкамэндуецца праверыць наяўнасьць такой паслугі.
Photo: pixabay.com

Установы аховы здароўя прыватнай формы ўласнасьці з 1 лютага могуць рэалізаваць сваё права выдаваць лісткі непрацаздольнасьці. Гэта вынікае з сумеснай пастановы Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства працы й сацыяльнай абароны Беларусі ад 30 кастрычніка 2015 года нумар 107/67 „Аб некаторых пытаньнях выдачы й афармленьня лісткоў непрацаздольнасьці й даведак аб часовай непрацаздольнасьці”.

Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алены Богдан, прыняцьце гэтага рашэньня дасьць магчымасьць мэдыцынскім установам недзяржаўнай формы ўласнасьці выдаваць і афармляць бальнічныя лісткі практычна па ўсіх відах часовай непрацаздольнасьці.

Гэта пашырыць магчымасьць грамадзян рэалізаваць сваё права на атрыманьне мэдыцынскай дапамогі, павысіць даступнасьць, якасьць і сэрвіснасьць аказаньня мэддапамогі насельніцтву, пераразьмяркуе патокі пацыентаў і зьменшыць нагрузку на дзяржаўную сыстэму аховы здароўя.

Блянкі лісткоў непрацаздольнасьці яшчэ ў канцы 2015 году былі заказаны з улікам камэрцыйнага сэктара. Цяпер яны ў поўным аб'ёме атрыманы й разьмеркаваны па ўпраўленьнях аховы здароўя, у камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама. На сайце Міністэрства аховы здароўя разьмешчаны парадак іх атрыманьня камэрцыйнымі мэдыцынскімі цэнтрамі.

У Беларускай мэдыцынскай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі (БелМАПА) з 1 лютага арганізаваны курс павышэньня кваліфікацыі па экспэртызе часовай страты працаздольнасьці. Паводле слоў прарэктара па вучэбнай рабоце БелМАПА Тацьцяны Калінінай, гэта дасьць магчымасьць камэрцыйным цэнтрам правільна арганізаваць работу па выдачы бальнічных.

Што датычыцца пэрспэктывы атрымаць лісток непрацаздольнасьці ўжо з 1 лютага, хутчэй за ўсё, гэта можна будзе зрабіць у адзінкавых недзяржаўных мэдустановах. Выдаваць бальнічныя ці не - права самой установы аховы здароўя. Калі мэдцэнтр вырашыць гэтага не рабіць, патрабаваць ад яго ніхто не стане. Таму перад прыёмам рэкамэндуецца праверыць наяўнасьць такой паслугі.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт