Logo Polskiego Radia
Print

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка зьмешчаны ў адзіночную камэру

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 21.02.2016 07:23
Турэмныя службы магілёўскай турмы сказалі, нібыта за тое, што ён пісаў зашмат лістоў .
Michael Coghlan/.com

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які адбывае пакараньне ў магілёўскай турме, зьмешчаны ў адзіночную камэру. Пра гэта ў інтэрвію «Радыё Свабода» паведаміў яго бацька Валерый Бандарэнка пасьля нядаўняй сустрэчы з сынам.

«Учора бачыўся з Андрэем у турме. Спатканьне было кароткім, як заўсёды, праз шкло пагаварылі, пад кантролем ахоўнікаў. Андрэй распавёў, што перавялі яго з камэры, дзе было некалькі вязьняў, у адзіночную. Сказалі, нібыта за тое, што шмат піша лістоў. Але мяркую, галоўная прычына ў тым, што яму давялося шмат скаргаў складаць ад імя іншых вязьняў. Як суседзі па камэрах даведаліся, што зь імі сядзіць вядомы праваабаронца, то пасыпаліся такія просьбы. Андрэй пра гэта распавядаў», – сказаў Валеры Бандарэнка.

Ён таксама паведаміў, што яго сын фактычна адрэзаны ад кантактаў зь сябрамі й аднадумцамі на волі. Раней праваабаронца пісаў лісты Міхаілу Пастухову, Ганьне Шапуцька, Марыне Адамовіч, але цяпер ад іх лісты не прыходзяць і пра лёс сваіх лістоў ён таксама ня ведае. Мяркуе, што іх проста не прапускаюць.

Сын прасіў перадаць праваабаронцам, каб дамагаліся вызваленьня Міхаіла Жамчужнага. Яго справу ён назваў цалкам сфальсыфікаванай, паведаміў бацька Андрэя Бандарэнкі.

«Пра сябе прасіў перадаць, што яго пазбавілі законнага права на амністыю, і гэта таксама ёсьць прычынай для патрабаваньня лічыць ягоны перасьлед палітычна матываваным», – расказаў бацька.

Паводле слоў Валерыя Бандарэнкі, сын «выглядае нармальна, трымаецца ў зьняволеньні мужна».

Андрэй Бандарэнка – стваральнік і кіраўнік інфармацыйна-асьветніцкай установы «Платформа» і культурна-асьветніцкай установы «Платформ інавэйшн», якія займаліся абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўленьня волі. 12 жніўня 2014 году суд прызнаў яго вінаватым па трох частках артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства, злоснае хуліганства і асабліва злоснае хуліганства) і прысудзіў да чатырох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пазьней у сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў.

Вясной 2015 году падатковыя органы выставілі кіраўніцтву «Платформ інавэйшн» прэтэнзіі з нагоды неажыцьцяўленьня гаспадарчай дзейнасьці й нявыплаты падаткаў. У выніку ў ліпені ўстанова была ліквідаваная як «суб'ект гаспадараньня, які не прыносіць даходу дзяржаве».

svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт