Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь можа забараніць авіялініям „AZAL” палёты ў Менск

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.04.2016 07:39
Паводле ўладаў, азэрбайджанскія авіялініі зьніжаюць кошт білетаў ва ўрон авіякампаніі „Белавія”.
pixabay.com/CC0

Улады Беларусі паведамілі авіякампаніі „Азэрбайджанскія авіялініі” (AZAL) аб магчымасьці прыпыненьня з 15 красавіка палётаў паміж Менскам і Баку з-за незадаволенасьці льготнай тарыфнай палітыкай „AZAL”.

Паводле слоў віцэ-прэзыдэнта „AZAL” і дырэктара Дзяржаўнай адміністрацыі грамадзянскай авіяцыі Арыфа Мамедава, свае прэтэнзіі беларускі бок патлумачыў тым, што азэрбайджанскае ЗАТ зьнізіла кошт авіябілетаў ва ўрон канкурыруючаму авіяперавозчыку, то бок авіякампаніі „Белавія”.

Мамедаў паведаміў, што для вырашэньня праблемы „AZAL” апэратыўна накіруе зварот у пасольства Беларусі ў Азэрбайджане й азэрбайджана-беларускую сумесную камісію.

„Мы запрашаем беларускі бок на перамовы з мэтай найхутчэйшага вырашэньня пытаньня”, - сказаў віцэ-прэзыдэнт „AZAL”.

Цяпер палёты ў Менск выконваюцца „Азэрбайджанскімі авіялініямі” пад нізкабюджэтным брэндам AZALJET. Авіякампанія пачала палёты пад гэтай гандлёвай маркай 28 сакавіка 2016 году.

Авіякампанія ажыцьцяўляе рэйсы ў такія гарады, як Масква, Стамбул, Дубай, Тбілісі, Санкт-Пецярбург, Менск, Кіеў, Львоў, Тэгеран, Анкара, турэцкія курорты Анталія, Ізьмір, Бадрум і Даламан і шэраг іншых гарадоў.

Кошт авіябілета на рэйсы „AZALJET” у адным кірунку складзе ад 49 эўра пры вылеце з/у Баку па любым з вышэйзгаданых кірункаў, туды-назад — ад 98 эўра. У гэты кошт уваходзяць усе падаткі й зборы.

abc.az/belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт