Актывісты выступілі ў абарону парку Котаўка ў Менску
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Jolanta  Śmiałowska
                        
                        20.05.2016 13:42
                    
                                 
                
                
                    Для пабудовы касьцёла найбліжэйшым часам плянуецца высечы ў парку 49 дрэў.
                
                
                    
                         Photo: www.pixabay.com
Photo: www.pixabay.com
                     
                
                
                
               
                
                         Экалягічныя актывісты выступілі ў абарону парку Котаўка ў раёне сельгаспасёлку, разьмешчанага ў Менску паміж вуліцамі Максіма Багдановіча і Леаніда Бяды, дзе зьбіраюцца высекчы дрэвы для будаўніцтва касьцёла. 19 траўня ў парку прайшла акцыя, удзельнікі якой заклікалі захоўваць зялёныя зоны ў гарадах, паведаміла прэс-служба экалягічнага таварыства «Зялёная сетка».
«Гэтаму парку прыкладна 55-60 гадоў. Сапраўды, парк даўно не чысьцілі і ён патрабуе догляду, але гэта не азначае забудову і зьнішчэньне», – адзначыў каардынатар грамадзкай кампаніі «Гарадзкі лясьнічы» Ігар Корзун.
Як адзначаюць эколягі, у парку налічваецца больш за 10 відаў дрэў: татарскі, платанападобны і серабрысты клёны, ліпа, бальзамічная і пірамідальная таполі, ясень, каштан, бяроза, вяз, бэз, сьпірэя.
Як адзначыла прэс-служба «Зялёнай сеткі», для пабудовы касьцёла найбліжэйшым часам плянуецца высечы 49 дрэў. Узводзіць касьцёл будзе рэлігійная абшчына «Рымска-каталіцкая парафія сьвятых апосталаў Пятра і Паўла і сьвятога Яўгена дэ Мазенод». Пра тое, што ў парку высекуць дрэвы, мясцовыя жыхары даведаліся з абʼяў, якія зьявіліся на дрэвах.
Як паведаміў прадстаўнік абшчыны, будаўніцтва касьцёла было ўзгодненае яшчэ пяць гадоў таму. Грамадзкае абмеркаваньне праходзіла з 7 па 21 красавіка 2011 года.
БелаПАН/яс