Logo Polskiego Radia
Print

Мінпрыроды й НАНБ абвяргаюць інфармацыю пра мядзьведзяў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 28.06.2016 17:31
Гаворка ідзе пра інфармацыю, што папуляцыя мядзьведзяў у краіне скарацілася да 20 асобін.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакPhoto: pixabay.com

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя й Нацыянальная акадэмія навук абвяргаюць інфармацыю са спасылкай на Белстат аб тым, што папуляцыя мядзьведзяў у краіне скарацілася ў шэсьць разоў, да 20 асобін.

Як паведаміў 27 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску генэральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Алег Барадзін, на тэрыторыі рэспублікі пражывае ад 90 да 120 мядзьведзяў.

„Трэба ўлічваць біялёгію гэтага віду жывёл, якія могуць міграваць на вельмі вялікія адлегласьці, — сказаў ён. — Часам спрабуюць спэкуляваць такой інфармацыяй, але, калі б папуляцыя паменшала, гэта было б заўважана, адпаведныя службы імгненна адрэагавалі б”, - сказаў Барадзін.

Начальнік упраўленьня біялягічнай і ляндшафтнай разнастайнасьці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Натальля Мінчанка паведаміла, што Мінпрыроды аналізавала статыстычныя дадзеныя Мінлясгаса, якія ведамства падало ў Белстат, і зьвярнула ўвагу на тое, што „гэта лічбы не пра колькасьць мядзьедзяў, гэта дадзеныя карыстальнікаў паляўнічых угодзьдзяў па статыстычнай справаздачнасьці аб паляваньні”.

„Цяпер пры падтрымцы НАНБ, Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах распрацоўваецца новая вэрсія дзяржаўнага кадастру жывёльнага й расьліннага сьвету. Гэта будзе новая база ў сыстэме анлайн, дзе кожны жадаючы зможа атрымаць інфармацыю пра колькасьць відаў, якія жывуць у Беларусі. Першапачатковы варыянт такой анлайн-базы зьявіцца на працягу найбліжэйшых месяцаў. Інфармацыя ў базе будзе пастаянна папаўняцца”, - дадала чыноўніца.

„А зь Мінлясгасам мы будзем працаваць над зьмяненьнем формы статсправаздачнасьці, каб не ўводзіць усю краіну ў зман, як у сытуацыі зь мядзьведзямі”, - заявіла Натальля Мінчанка.

belapan.com/nn.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт