Logo Polskiego Radia
Print

"Мы жадаем не ваяваць, мы жадаем прадаваць нашы тавары"

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 08.07.2016 16:19
Уладзімір Макей: Беларусь будзе прымаць адэкватныя меры рэагаваньня на прысутнасьць сіл NATO ў Балтыі.
Уладзімер МакейУладзімер МакейPhoto: mfa.gov.by

Беларусь будзе прымаць адэкватныя меры рэагаваньня на прысутнасьць сіл NATO ў краінах Балтыі, заявіў міністар замежных спраў Уладзімір Макей 7 ліпеня ў Рызе паводле вынікаў перамоў з латвійскім калегам Эдгарсам Рынкевічсам. Стэнаграму выказваньня Макея публікуе сайт беларускага МЗС.

«Вядома ж, мы будзем старанна аналізаваць сытуацыю ў нашым рэгіёне. І мы будзем, натуральна, прымаць адэкватныя меры рэагаваньня. Але, яшчэ раз паўтаруся, мы не зацікаўленыя ў тым, каб нейкія крокі, якія будзе рабіць Беларусь у ваеннай сфэры, спрыялі далейшаму нагнятаньню ваеннай напружанасьці ў нашым рэгіёне і ў цэлым на эўрапейскім кантынэнце», – адзначыў міністар.

Паводле яго слоў, Беларусь не зацікаўленая ў тым, каб ствараць новыя лініі падзелу ў Эўропе. «Мы краіна невялікая, і наша выжывальнасьць, разьвіцьцё нашай дзяржавы залежыць ад таго, якой будзе сытуацыя ў рэгіёне, залежыць ад міру й спакою ў гэтым рэгіёне. Мы жадаем не ваяваць, мы жадаем прадаваць нашы тавары. Мы вымушаныя прадаваць да 60% той прадукцыі, якую мы вырабляем у сябе ў краіне. Таму мы будзем вельмі адказна падыходзіць да любых нашых магчымых, адэкватных крокаў, мераў рэагаваньня на тыя ваенныя выклікі й пагрозы, якія магчымыя ў наш час», – заявіў Макей.

Пры гэтым на пытаньне, ці можа вярнуцца ў парадак дня пытаньне пра магчымае разьмяшчэньне расейскай авіябазы ў Беларусі, кіраўнік МЗС адказаў: «Па пытаньні аб разьмяшчэньні дадатковых ваенных баз на тэрыторыі Беларусі (...) наша пазыцыя ў не зьмянілася».

Візыт Макея ў Латвію прайшоў 6-7 ліпеня. На сустрэчы зь беларускім міністрам прэзыдэнт Латвіі Раймандс Веёніс заявіў, што Рыга вітае добрасуседзкія адносіны й двухбаковае супрацоўніцтва зь Беларусьсю, асабліва ў эканоміцы й памежным супрацоўніцтве, аднак заклікаў «да далейшай працы ў галіне ўмацаваньня правоў чалавека й нормаў дэмакратыі ў суседняй краіне».

белапан/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт