Беларусь удзельнічае ў вучэньнях АДКБ
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
13.08.2016 11:15
Манэўры ладзіць Расея паблізу межаў краінаў НАТО – Латвіі ды Эстоніі.
Беларускія вайскоўцы накіраваліся да месца правядзеньня вучэньняў Калектыўныx сіл апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпекі (АДКБ) «Узаемадзеяньне — 2016». Манэўры пройдуць 14-19 жніўня ў Пскоўскай вобласьці.
Мэта вучэньняў - адпрацаваць плянаваньне сумеснымі апэрацыямі ды кіраваньне кантынгентамі КСАР АДКБ падчас лякалізацыі ўзброенага канфлікту, паведаміла АДКБ.
Манэўры пройдуць у Пскоўскай вобласьці з удзелам вайскоўцаў зь Беларусі, Армэніі, Казахстана, Кыргызстана, Расеі ды Таджыкістана. Камандаваць будзе расейскі бок.
Беларускае войска на вучэньнях будзе прадстаўляць апэратыўная група Міністэрства абароны, афіцэры са складу камандаваньня КСАР, падразьдзяленьні 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады сілаў спэцыяльных апэрацыяў Узброеных сілаў. Пра гэта паведаміла прэсавая служба Мінабароны Беларусі.
Паводле Радыё Свабода/Міністэрства абароны РБ/юл