Лукашэнка прапануе падняць планку ў гандлі з Польшчай
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
24.10.2016 14:09
Віцэ-прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску.
PAP/EPA/NIKOLAI PETROV/POOL
Аляксандр Лукашэнка прапануе падняць планку гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Польшчай. Пра гэта ён заявіў сёньня на сустрэчы з намесьнікам старшыні Савета міністраў, міністрам разьвіцьця й фінансаў Польшчы Матэвушам Маравецкім.
Матэвуш Маравецкі сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску. Ён таксама прыняў удзел у IV паседжаньні Польска-Беларускай міжурадавай камісіі па эканамічнай супрацы, а таксама адкрыў ХХ Эканамічны форум "Добрасуседзтва" ў сталіцы Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь і Польшча маюць пэўны ўзровень тавараабароту. "У эканоміцы мы ня страцілі, як у палітыцы, кантакты. Тым ня менш планку гэтую трэба падымаць вельмі высока", - заявіў Лукашэнка.
У сваю чаргу Матэвуш Маравецкі пагадзіўся, што гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва зьяўляецца добрай базай для разьвіцьця ўзаемадзеяньня ў іншых галінах. "Польшча зьяўляецца памежнай краінай у ЭЗ для выхаду на ўсход, а Беларусь зьяўляецца памежнай краінай для выхаду краін ЭАЭС на захад. Дадзены нюанс мы можам таксама сумесна выкарыстоўваць, у тым ліку ў рамках разьвіцьця Шаўковага шляху", - адзначыў польскі віцэ-прэм'ер.
Па выніках студзеня-жніўня 2016 года беларуска-польскі тавараабарот склаў амаль $ 1,4 млрд (тэмп росту да аналягічнага пэрыяду мінулага года - 110,6%). Польшча зьяўляецца трэцім партнэрам Беларусі па тавараабароту пасьля Расеі і Ўкраіны, шостым па экспарту й трэцім па імпарту (пасьля Расеі й Кітая). Беларускі экспарт у Польшчу склаў $ 584,4 млн (114%), імпарт з Польшчы - $ 796,9 млн (108,2%).
паводле белта/вс