Logo Polskiego Radia
Print

БНФ лічыць прызначэньне міністрам І.Карпенкі неканстытуцыйным

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 16.12.2016 16:02
Партыя БНФ з занепакоенасьцю ўспрыняла прызначэньне міністрам адукацыі Першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі.
Ігар Карпенка. Фота: Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт.Ігар Карпенка. Фота: Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт.minsk.gov.by

Партыя БНФ зь вялікай занепакоенасьцю ўспрыняла прызначэньне міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Ігара Карпенкі.

«Улічваючы, што ў сучаснай сыстэме дзяржаўнай улады ў Беларусі ўплыў міністра на зьмест ды ідэалягічную сутнасьць адукацыі ў краіне зьяўляецца вызначальным, мы маем сур’ёзныя сумневы ў тым, што дзейнасьць гэтага міністра, згодна зь яго ж публічнымі заявамі цалкам адданага марксісцка-ленінскай ідэалёгіі, будзе адпавядаць палажэньням артыкулу 4 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: «Ідэалёгія палітычных партыяў, рэлігійных або іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, сацыяльных групаў ня можа ўстанаўлівацца ў якасьці абавязковай для грамадзян».

Партыя БНФ адзначае, што на папярэдняй пасадзе намесьніка старшыні Менскага гарвыканкаму сп. Карпенка неаднаразова дэманстраваў прыярытэт сваіх ідэалягічных поглядаў перад дзяржаўнымі інтарэсамі Рэспублікі Беларусь. Ён, напрыклад, шматкроць не дазваляў акцыі ў падтрымку незалежнасьці Беларусі, беларускай мовы ды культуры, а таксама ў падтрымку міру ды тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

БНФ падкрэсьлівае, што Карпенка абараняў захаваньне ў тапаніміцы гораду Менску вузкапартыйных камуністычных назваў цэнтральных вуліцаў – Камуністычнай, Камсамольскай, Маркса, Леніна і г.д. У той жа час блякаваліся ініцыятывы па наданьні вуліцам у Менску імя Васіля Быкава. Сярэднія навучальныя ўстановы былі вымушаныя падпісвацца на газэту «Камуніст Беларусі», якая зьяўляецца органам КПБ Ігара Карпенкі. Пры асабістым удзеле і па ініцыятыве сп. Карпенкі адбылося ўсталяваньне помніка Леніну насупраць прахадной Менскага трактарнага заводу. Новы міністар ініцыяваў кампанію па забароне выкарыстаньня беларускай лацінкі ў надпісах у Менскім мэтрапалітэне ды інш.

Партыя БНФ просіць органы, якія маюць паўнамоцтвы на ўнясеньне прапановаў у Канстутуцыйны Суд па праверцы канстытуцыйнасьці актаў, унесьці ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь пытаньне аб правамернасьці прызначэньня І. В. Карпенкі міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь у сувязі з магчымай супярэчнасьцю гэтага прызначэньня артыкулу 4 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

паводле прэс-рэлізу БНФ/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт